Мінск 19:37

З 2020 года паводле палітычных абвінавачванняў у Беларусі асуджана не менш за 895 жанчын — Гарбунова

Фота: АПК

4 сакавіка, Позірк. З 2020 года “праз турмы і несправядлівыя суды” прайшло мінімум 895 жанчын, і “рэпрэсіі не спыняюцца”, заявіла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова 4 сакавіка пасля атрымання ў Вашынгтоне Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу (IWOC).

“У Беларусі няма закона аб прадухіленні хатняга гвалту, ёсць 88 забароненых прафесій для жанчын, а наўпрост цяпер мінімум 187 жанчын-палітзняволеных знаходзяцца ў турмах, дзе падвяргаюцца гвалту і катаванням за смеласць адстойваць сваю грамадзянскую пазіцыю”, — цытуе Гарбунову прэс-служба АПК.

Актывістка нагадала, што два гады таму ўладамі была ліквідаваная недзяржаўная арганізацыя “Радзіслава”: “Мы дапамагалі тысячам жанчын і іх дзецям, адкрывалі гарачыя лініі, давалі прытулак, шукалі адвакатаў і псіхолагаў для пацярпелых, адкрывалі курсы па жаночай самаабароне, лабіравалі закон аб прадухіленні хатняга гвалту, а чыноўнікі дагэтуль кажуць, што гэтая праблема не стаіць востра і закон не патрэбны”.

Паводле слоў Гарбуновай, за апошнія два гады ў Беларусі ліквідавана больш за 1.500 НДА, у выніку чаго “тысячы людзей засталіся без падтрымкі”.

“Самых адважных і непакорлівых з нас яны пасадзілі ў турмы: Марыю Калеснікаву, Галіну Дзербыш… Самых непрадказальных і трывалых выгналі з краіны: Святлану Ціханоўскую, Святлану Алексіевіч… Самых асцярожных і адчайных з нас яны дагэтуль не могуць знайсці, таму што мы ўсюды, у кожным горадзе і вёсцы Беларусі”, — сказала прадстаўніца кабінета.

Яна перакананая, што ўсе палітвязні выйдуць на волю. “І мы вернемся дадому. Беларусь будзе свабоднай, і там будзе рэальная гендарная роўнасць”, — падкрэсліла Гарбунова.

Аб прысуджэнні ёй прэміі IWOC 3 сакавіка паведаміў заснавальнік узнагароды Дзярждэпартамент ЗША. Да прэміі ў гэтым годзе таксама прадстаўленыя жанчыны з Афганістана, Бангладэш, Босніі і Герцагавіны, Гамбіі, Ірана, Кубы, Марока, М’янмы, Уганды, Эквадора і Японіі.

Гл. таксама:

Гарбунова атрымала міжнародную прэмію за адвагу з рук Блінкена і першай лэдзі ЗША

Падзяліцца: