Мінск 15:25

Авіярэйс паміж Ульянаўскам і Мінскам можа быць арганізаваны за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы

Фота: unsplash.com / John McArthur

6 сакавіка, Позірк. Вядуцца перамовы пра субсідаванне адкрыцця рэйса Ульянаўск — Мінск з бюджэту Саюзнай дзяржавы (СД), паведамляе ТАСС са спасылкай на губернатара Ульянаўскай вобласці РФ Аляксея Рускіх.

На палях калегіі рэгіянальнага Міністэрства транспарту 5 сакавіка чыноўнік заявіў журналістам, што адкрыццё гэтага рэйса падтрымлівае ўрад Беларусі і Аляксандр Лукашэнка. З апошнім Рускіх, паводле яго слоў, ужо вёў перамовы на гэты конт.

29 лютага амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты паведаміў прадстаўнікам прэсы, што прамыя авіязносіны паміж Мінскам і Ульянаўскім могуць быць адкрытыя сёлета. Паводле яго слоў, ужо падабрана авіякампанія для выканання рэйса, абмеркавана схема яго фінансавання.

Прымаючы Рускіх 5 кастрычніка 2023 года ў Мінску, Лукашэнка адзначыў, што Ульянаўская вобласць мае “адпаведныя кампетэнцыі” для рэалізацыі сумеснага беларуска-расійскага праекта выпуску самалёта для рэгіянальных перавозак. Тады ж ён заявіў, што Беларусь ужо вырабляе асобныя кампаненты для авіябудаўнічай галіны і гатовая “пашыраць наменклатуру прадукцыі”.

Расходная частка бюджэту Саюзнай дзяржавы складае 5 млрд 722,2 млн расійскіх рублёў (цяпер каля 62,6 млн долараў). Праз абясцэньванне валюты РФ яна скарацілася прыкладна на 1,2 млн долараў з моманту зацвярджэння Парламенцкім сходам Саюза Беларусі і Расіі 18 снежня 2023 года. Тады паведамлялася, што бюджэтныя сродкі плануецца накіраваць на фінансаванне пяці праграм і 37 мерапрыемстваў СД. Сярод іх праграмы ўдасканалення аб’ектаў ваеннай інфраструктуры для сумеснага выкарыстання рэгіянальнай групоўкай войск, “развіццё пагранічнай бяспекі” ды інш.

Падзяліцца: