Мінск 04:26

Актывіст Кудзік стаў фігурантам новай крымінальнай справы, праваабаронцы вярнулі яму статус палітвязня

Фота: сацсеткі Андрэя Кудзіка

6 сакавіка, Позірк. Актывіст з Вілейкі (Мінская вобласць) Андрэй Кудзік, які не выйшаў на волю пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту, затрыманы ў рамках крымінальнай справы, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчыну інкрымінавана ч. 1 арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). З улікам гэтых абставін, Кудзік зноў уключаны ў спіс палітычных зняволеных.

9 лютага суд Маладзечанскага раёна (Мінская вобласць) прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт старонкі “Андрэй Кудзік” у “ЦікТоку”. Неўзабаве пасля гэтага, 15 лютага, мужчына перастаў выходзіць на сувязь.

Пасля стала вядома, што Кудзіка на 15 сутак змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Вілейцы (Мінская вобласць). Канкрэтныя прэтэнзіі, а таксама артыкул, паводле якога ён атрымаў адміністрацыйнае пакаранне, невядомыя. У належны тэрмін мужчына на волю не выйшаў.

Актывіста з Вілейкі, паводле звестак праваабаронцаў, “неаднаразова пераследавалі за пікетаванне і выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі на працягу 2020 і 2021 гадоў: затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі”.

У лютым 2022-га Кудзік быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Мужчына ад дачы паказанняў адмовіўся, віну не прызнаў. Выйшаў на волю 18 ліпеня 2023 года.

Летась у кастрычніку Кудзіка арыштавалі на 15 сутак “за віншаванне Украіны з Днём незалежнасці” ў “ЦікТоку”.

Падзяліцца: