Мінск 04:47

У Беларусі зарэгістраваныя першыя пацярпелыя ад кляшчоў

Фота: прэс-служба Мінздароўя

6 сакавіка, Позірк. У канцы лютага — на пачатку сакавіка зарэгістраваныя першыя пацярпелыя ад кляшчоў — у Мінску, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Ведамства нагадала, што для памяншэння колькасці кляшчоў на тэрыторыі пражывання (сядзібнай забудовы, лецішча) трэба высякаць непатрэбныя хмызнякі і скошваць траву. У лесе або парку варта насіць адмысловае адзенне, якое засцерагае ад запаўзання кляшчоў, або выкарыстоўваць паўсядзённае адзенне, што максімальна закрывае адкрытыя ўчасткі цела. Акрамя таго, можна выкарыстоўваць рэпеленты.

“Пры выяўленні кляшча, які прысмактаўся, варта звярнуцца ў бліжэйшую арганізацыю аховы здароўя, дзе акажуць медыцынскую дапамогу. Калі вы ўмееце, выдаліце кляшча самастойна. А затым звярніцеся ва ўстанову аховы здароўя па месцы жыхарства для праходжання прафілактычнага лячэння і медыцынскага назірання”, — рэкамендуе Мінздароўя.

На жнівень 2023 года з укусам кляшча да медыкаў звярнуліся каля 18 тыс. беларусаў, у тым ліку больш за 5,5 тыс. дзяцей. Найбольш выпадкаў было зафіксавана ў сталіцы і Гродзенскай вобласці.

На 1 жніўня мінулага года ў Беларусі было зарэгістравана больш за 950 выпадкаў хваробы Лайма — бактэрыяльнай інфекцыі, якая перадаецца чалавеку пры ўкусе заражанага іксодавага кляшча. Гэта ў 1,4 раза больш, чым за сем месяцаў 2022 года. Таксама паведамлялася, што за сем месяцаў 2023-га ў краіне зафіксавана каля 100 заражэнняў клешчавым энцэфалітам.

Падзяліцца: