Мінск 15:54

У Беларусі з’явіцца жаночая партыя — старшыня праўладнага саюза жанчын

Актыў БСЖ на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 5 сакавіка 2024 года ў Мінску
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

6 сакавіка, Позірк. “Безумоўна, у Беларусі з’явіцца жаночая партыя”, — заявіла на прэс-канферэнцыі 6 сакавіка ў Мінску старшыня Беларускага саюза жанчын (БСЖ), дырэктар міжнароднай тэлерадыёкампаніі “Мір” у Беларусі Вольга Шпілеўская.

Паводле яе слоў, “маецца каму ствараць партыю, маюцца лідары”. Аднак партыя, заявіла кіраўніца БСЖ, “павінна саспець знізу, любыя рухі павінны быць акуратнымі”.

Разам з тым Шпілеўская адзначыла, што разумее: сутнасць дзейнасці палітычнай партыі заключаецца ў барацьбе за ўладу, а саюз жанчын, якім яна кіруе, займаецца “паляпшэннем жыцця людзей”.

Па сутнасці старшыня БСЖ паўтарыла сказанае Аляксандрам Лукашэнкам 5 сакавіка на сустрэчы з актывам жаночай арганізацыі і падкрэсліла, што згодна з ім.

“Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я думаў: а чаму вы дагэтуль не сталі партыяй? — сказаў Лукашэнка напярэдадні сябрам БСЖ. — Не-не, я вас не штурхаю да гэтага. Вы ведаеце маё стаўленне да партыйнага будаўніцтва: усё мусіць быць натуральна, усё мусіць саспець. Ніякіх там праўладных і іншых партыяў — партыі павінны выкрышталізоўвацца самі, калі мы сапраўды хочам, каб у будучыні ў нас былі сапраўдныя партыі”.

Варта адзначыць, што ў Беларусі існавала партыя жанчын “Надзея”, створаная 28 красавіка 1994 года на базе прафсаюза работнікаў асветы. 11 кастрычніка 2007 года Вярхоўны суд яе ліквідаваў.

З 2020 года “праз турмы і несправядлівыя суды” прайшло мінімум 895 жанчын, і “рэпрэсіі не спыняюцца”, заявіла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова 4 сакавіка пасля атрымання ў Вашынгтоне Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу (IWOC).

“У Беларусі няма закона аб прадухіленні дамашняга гвалту, маецца 88 забароненых прафесій для жанчын, а прама цяпер мінімум 187 жанчын-палітзняволеных знаходзяцца ў турмах, дзе падвяргаюцца гвалту і катаванням за смеласць адстойваць сваю грамадзянскую пазіцыю”, — сказала яна.

Падзяліцца: