Мінск 18:56

МЗС Польшчы: Санкцыі супраць Расіі неабходна распаўсюдзіць на Беларусь

Фота: МЗС Польшчы

7 сакавіка, Позірк. “Мы спрабуем дамагчыся таго, каб усе санкцыі, якія прымяняюцца супраць Расіі, распаўсюджваліся і на Беларусь, якая з ёй супрацоўнічае”, — заявіў на пасяджэнні парламенцкага камітэта замежных спраў 6 сакавіка намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Уладзіслаў Барташэўскі.

Паводле яго слоў, якія перадае агенцтва PAP, у Беларусі цяпер “больш за 1,5 тыс.чалавек з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі” і, “нягледзячы на намаганні польскага боку, колькасць палітвязняў павялічваецца, рэпрэсіі ўзмацняюцца”.

Барташэўскі звярнуў увагу, што беларускія ўлады могуць рэпрэсаваць грамадзян за наяўнасць у іх “Карты паляка”.

Таксама дыпламат падкрэсліў, што выбары ў парламент і мясцовыя саветы, якія прайшлі ў Беларусі 25 лютага, “не маюць нічога агульнага з сапраўднай дэмакратыяй” і з’яўляюцца “фарсам”.

Заява Аляксандра Лукашэнкі аб намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у 2025 годзе, на думку прадстаўніка польскай дыпламатыі, паказвае, што “палітычны крызіс у Беларусі будзе працягвацца і канца яму не відаць”.

“Беларусь цяпер цесна звязаная сваёй дзейнасцю, у тым ліку антыўкраінскай, з пуцінскай Расіяй, і мы спрабуем дамагчыся таго, каб усе санкцыі, якія прымяняюцца супраць РФ, былі распаўсюджаныя іншымі краінамі і на Беларусь”, — дадаў Барташэўскі.

Паводле яго сцвярджэння, “супраціўляецца” пашырэнню санкцый супраць Мінска міністр замежных спраў Партугаліі, аднак робяцца “моцныя спробы пераканаць яго ўключыць Беларусь у 14-ы санкцыйны пакет”.

Санкцыі з’яўляюцца адным з найбольш эфектыўных спосабаў ціску, але Расія “абыходзіць” частку абмежаванняў праз тэрыторыю Беларусі, сказаў прадстаўнік польскага замежнапалітычнага ведамства. “Адна з галоўных задач Міністэрства замежных спраў — захаваць беларускае пытанне ў парадку дня ЕС”, — адзначыў Барташэўскі.

Польшча, паводле яго слоў, “падымае беларускае пытанне на ўсіх міжнародных форумах”, асабліва адзначаючы неабходнасць вызвалення ўсіх палітвязняў. Пры гэтым “абсалютным прыярытэтам” Варшавы з’яўляецца выхад са зняволення журналіста Анджэя Пачобута.

Напярэдадні другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву, ЕС і ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць РФ. У пакетах згадваюцца і беларускія юрыдычныя і фізічныя асобы.

У новы спіс, апублікаваны Міністэрствам фінансаў ЗША, уключаныя 558-ы Авіяцыйны рамонтны завод у Баранавічах, яго дырэктар Павел Пінігін, а таксама паралімпіец Аляксей Талай.

У зацверджаны Еўрапейскім саюзам 23 лютага 13-ы пакет санкцый супраць РФ унесеныя старшыня Наваполацкага гарвыканкама (Віцебская вобласць) Дзмітрый Дзямідаў, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) Дзмітрый Шаўцоў, Талай і яго фонд, а таксама ААТ “2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення” (Барысаў, Мінская вобласць) і яго дырэктар Валерый Шаціла, завод “Пеленг” (Мінск), Аршанскі авіярамонтны завод (Віцебская вобласць) і яго дырэктар Павел Случак.

Падзяліцца: