Мінск 04:01

Архімандрыт Гаек асабіста падзякаваў папу Францішку за адміністратуру для грэка-католікаў Беларусі

Папа рымскі Францішак і апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек
Фота: Vatican News

9 сакавіка, Позірк. Падзяку ад вернікаў за стварэнне ў Беларусі адміністратуры для католікаў візантыйскага абраду перадаў папу рымскаму Францішку апостальскі адміністратар архімандрыт Ян Сергіюш (Сяргей) Гаек, паведамляе партал навін Святога Пасаду Vatican News.

Паводле інфармацыі медыя, сустрэча беларускага грэка-каталіцкага іерарха з пантыфікам адбылася 6 сакавіка ў рамках агульнай аўдыенцы на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Гаек таксама павіншаваў Францішка з 11-й гадавінай абрання папам рымскім, якая будзе адзначацца 13 сакавіка, і падарыў яму паменшаную копію абраза Маці Божай Жыровіцкай, вырабленую на мармуры ў мінскай майстэрні GLIVI.

Папа Францішак заснаваў апостальскую адміністратуру для грэка-каталікоў Беларусі 30 сакавіка 2023 года, афіцыйна пра яе стварэнне было абвешчана 15 ліпеня ў мінскім храме пастырскага цэнтра праведнага Юзафа.

За два тыдні да гэтага, 30 чэрвеня, у Мінску адбылася сустрэча патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна з прэфектам папскай дыкастэрыі па справах усходніх касцёлаў арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці (цяпер кардынал), які наведваў краіну ў якасці папскага легата на Будслаўскім фэсце. Прадстаяцель Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы паведаміў прадстаўніку Апостальскай Сталіцы пра занепакоенасць сітуацыяй з Беларускай грэка-каталіцкай царквой.

У камюніке прэс-службы БПЦ, якое выйшла праз тыдзень пасля сустрэчы, сцвярджалася, што рашэнне папы Францішка “выклікала здзіўленне ў праваслаўнага насельніцтва” Беларусі, бо яно нібыта “не спрыяе зацвярджэнню міру на беларускай зямлі, але, наадварот, можа ўнесці напружанасць у міжрэлігійныя стасункі”.

Гуджэроцці, згодна з дакументам БПЦ, патлумачыў Веніяміну, што стварэнне апостальскай адміністратуры ў Беларусі заклікана зрабіць незалежнымі беларускае грэка-каталіцкае святарства, якое раней навучалі і пасвячалі ва Украіне, а цяпер гэта немагчыма.

Апостальская адміністратура — тэрытарыяльная адзінка ў каталіцкай царкве, не абвешчаная дыяцэзіяй з асаблівых прычын. Ініцыятыва “Хрысціянскае бачанне” адзначала, што рашэнне пантыфіка заснаваць яе для беларускіх вернікаў візантыйскага абраду падвышае статус Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая некалькі дзесяцігоддзяў чакае прызначэння біскупа, і з’яўляецца крокам на шляху да набыцця ёю сваёй дыяцэзіі (епархіі).

Паводле даных Ватыкана, у Беларусі 5 тыс. грэка-каталікоў, 16 парафій, 16 святароў, 3 дыяканы і 4 семінарысты.

Прэс-служба Святога Пасаду раней адзначала, што каталіцкая супольнасць візантыйскага абраду ў Беларусі з’явілася дзякуючы Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 года. У 1798 годзе была заснаваная Мінская (русінская) епархія. У 1839 годзе беларускія ўніяты былі пераведзеныя ў праваслаўную царкву, але епархія, хоць і пераследавалася ўладамі Расійскай імперыі, куды ўваходзіла сучасная Беларусь, не была да канца знішчана. Да 1924 года яна згадвалася ў Annuario Pontificio — статыстычным штогодніку Ватыкана.

У 1939 годзе быў заснаваны беларускі экзархат грэка-каталіцкай царквы на чале з мітрапалітам Андрэем (Шэпціцкім), арцыбіскупам Львоўскім. У 1941 годзе папа рымскі Пій XII зацвердзіў яго апостальскім адміністратарам. З 1943 года гэты пост быў вакантным. У 1988 годзе ў тагачаснай БССР пачалося адраджэнне грэка-каталіцкай царквы.

Падзяліцца: