Мінск 05:25

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 10 чалавек, у тым ліку двух грамадзян Украіны

Фота: unsplash.com / Marco Chilese

12 сакавіка, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 10 чалавек, цяпер такі статус у Беларусі мае 1.418 чалавек, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай на сайце цэнтра “Вясна”.

Такімі прызнаныя асуджаныя паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы):

  • Дзяніс Красько (3 гады пазбаўлення волі);
  • Дзмітрый Шчарбін (1 год пазбаўлення волі);
  • Яўген Кіслоў (5 гадоў пазбаўлення волі; таксама асуджаны паводле ч. 1 арт. 293 — “арганізацыя масавых беспарадкаў”, арт. 369 — “абраза прадстаўніка ўлады”, арт. 368 — “абраза прэзідэнта”, арт. 3611 — “стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім”, арт. 3614 — “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”).

Таксама палітвязнямі прызнаныя тыя, хто знаходзіцца пад вартай:

  • Кацярына Новікава (абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 130 і ч. 3 арт. 2031 — “незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках”);
  • Антон Чарамных (абвінавачваецца паводле арт. 130);
  • Раман Галуза — (абвінавачваецца паводле арт. 356 — “здрада дзяржаве”);
  • Андрэй Шмай (абвінавачваецца паводле арт 3581 — “агентурная дзейнасць”; грамадзянін Украіны);
  • Наталля Захаранка (абвінавачваецца паводле арт. 358 — “шпіянаж”; грамадзянка Украіны);
  • Іван Сухамераў (абвінавачваецца паводле дзесяці крымінальных артыкулаў, у тым ліку паводле арт. 356, ч. 2 арт. 2905 КК — “арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі”; справа разглядаецца ў закрытым рэжыме);
  • Аляксей Кулікоў (абвінавачваецца паводле арт. 3581, арт. 289 — “акт тэрарызму”, арт. 126 — “акт міжнароднага тэрарызму”; справа разглядаецца ў закрытым рэжыме).

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў перагледзець вынесеныя ім выракі або меру стрымання “пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, выгляд і памер пакарання”; неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, перагледзець палітычна матываваныя прыгаворы і спыніць рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Апрача “Вясны” заяву падпісалі Lawtrend, Human Constanta, “Прававая ініцыятыва”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Падзяліцца: