Мінск 05:23

Вальфовіч наведаў 19-ю мехбрыгаду і растлумачыў выкліканым на зборы “ваенна-палітычнае становішча” вакол Беларусі

Фота: Мінабароны

20 сакавіка, Позірк. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч наведаў 20 сакавіка 19-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду Узброеных сіл, якая праводзіць мерапрыемствы на адным з палігонаў у рамках праверкі баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны, Вальфовіч “азнаёміўся з умовамі пражывання і побытам ваеннаабавязаных”, а таксама “растлумачыў прызваным з запасу <…> ваенна-палітычнае становішча, якое складваецца вакол нашай дзяржавы”.

Падрабязнасці ведамства не прыводзіць.

Памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы Леанід Касінскі таксама наведаў 20 сакавіка адно са злучэнняў, пасля чаго заявіў: “Нашы людзі маюць вельмі высокую матывацыю і дастаткова добра разумеюць тую абстаноўку, пры якой праводзіцца праверка баявой гатоўнасці”.

“Самым галоўным” ён назваў адсутнасць сярод прызваных на зборы “ныцця” і “нездаволенасці” — “усе людзі ведаюць, навошта яны сюды прыйшлі”.

“Большасць ваеннаабавязаных паказваюць высокія вынікі ўжо па першапачатковых занятках, якія з імі праводзяцца. Самае галоўнае, што ёсць жаданне далей вучыцца, — сказаў Касінскі. — Людзі адзначаюць, што падрыхтоўка вырасла значна. І сама арганізацыя працэсу заняткаў, працэсу падрыхтоўкі ваеннаабавязаных іх цалкам задавальняе. Задавальняе ў тым, што няма муштры, а ёсць атрыманне рэальных ведаў, тых ведаў, якія патрэбныя на вайне”.

Праверка баявой гатоўнасці злучэнняў і вайсковых часцей Беларусі носіць “комплексны характар”, яе мерапрыемствы “будуць нарошчвацца”, заявіў 15 сакавіка начальнік Генеральнага штаба УС Віктар Гулевіч.

У ходзе праверкі запланавана перамяшчэнне ваеннай тэхнікі, што можа прывесці да абмежавання руху грамадзянскага транспарту па дарогах агульнага карыстання і ўчастках мясцовасці, падкрэслілі ў Мінабароны.

17 сакавіка ў ведамстве паведамілі, што ў рамках праверкі баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей на зборы выклікана больш за 3 тыс. ваеннаабавязаных. 19 сакавіка, паводле даных Мінабароны, колькасць выкліканых на зборы складала 5 тыс.

Падзяліцца: