Мінск 11:03

У Мінскай вобласці ваеннаабавязаныя выканаюць танкавыя стрэльбы на 10 км

Фота: Мінабароны

21 сакавіка, Позірк. У рамках комплекснай праверкі боегатоўнасці воінскіх часцей і злучэнняў Узброеных сіл працягваюцца заняткі з ваеннаабавязанымі, прызванымі з запасу, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

На 227-м агульнавайсковым палігоне “Барысаўскі” (Мінская вобласць) будуць выкананыя стрэльбы з танкаў Т-72Б з закрытых агнявых пазіцый на далёкасць да 10 тыс. метраў, адзначае ведамства. “Удзельнікі вучэнняў ужо занялі раён засяроджвання, замаскіравалі тэхніку і арганізавалі месцы для пражывання”, — гаворыцца ў паведамленні.

Мінабароны падкрэслівае, што праводзіцца “паэтапнае павелічэнне колькасці вайсковых частак і падраздзяленняў, якія прыцягваюцца да праверкі боегатоўнасці”.

Адзначаецца, што ў гатоўнасць да выканання задач прыводзяцца асобныя воінскія часці і падраздзяленні камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. “Асабістаму складу трэба будзе выйсці ў прызначаныя раёны для дзяжурства па супрацьпаветранай абароне пры ахове дзяржмяжы”, — заявілі ў ведамстве.

Сцвярджаецца, што “праверка дазволіць ацаніць здольнасць камандзіраў кіраваць падначаленымі вайсковымі часцямі і падраздзяленнямі ў розных умовах абстаноўкі, маршавыя магчымасці ўзбраення і ваеннай тэхнікі, узровень падрыхтоўкі асабістага складу і яго здольнасць выконваць пастаўленыя задачы”.

Праверка баявой гатоўнасці злучэнняў і вайсковых часцей Беларусі носіць “комплексны характар”, яе мерапрыемствы “будуць нарошчвацца”, заявіў 15 сакавіка начальнік Генеральнага штаба ВС Віктар Гулевіч.

17 сакавіка Мінабароны паведаміла, што на зборы прызвана больш за 3 тыс. ваеннаабавязаных. 19 сакавіка колькасць павялічылася да 5 тыс.

Падзяліцца: