Мінск 04:57

Палова беларусаў лічыць сябе неабароненай ад самавольства ўлады — даследаванне

Крыніца: Chatham House

26 сакавіка, Позірк. У знешняй палітыцы Аляксандр Лукашэнка і дэмсілы не ў стане даць таго, чаго хочуць беларусы — добрых стасункаў з Захадам і Расіяй, гэта азначае, што “медыянны беларус знаходзіцца недзе паміж існымі праектамі Беларусі — аўтарытарнага рэжыму і дэмакратычнага руху”, гаворыцца ў даследаванні кіраўніка сацыялагічнага цэнтра Chatham House Рыгора Астапені.

Паведамляецца, што даследаванне “Якой Беларусі хочуць беларусы?” пабудаванае на выніках апытанняў Chatham House, праведзеных за апошнія гады. На завяршальным этапе, у студзені-лютым 2024-га, таксама праведзеныя 20 глыбінных анлайн-інтэрв’ю.

Паводле атрыманых даных, “у Беларусі склаўся запыт на нармальнасць, якая ўключае ў сябе не толькі рост дабрабыту, але і запыт на пачуццё ўласнай абароненасці ад тых, хто мае ўладу на розных узроўнях”. Беларусы пры гэтым “лічаць, што сённяшняя палітычная сістэма трымаецца на сілавіках і чыноўніках, якія ў сваю чаргу маюць празмерную ўладу над людзьмі”.

50% апытаных пагадзіліся з тэзісам, што просты чалавек у Беларусі не абаронены ад самавольства ўладаў, 25% лічаць адваротна.

Пры гэтым са сцвярджэннем “Краіне неабходная моцная рука лідара, які павінен прымаць важныя дзяржаўныя рашэнні адзінаасобна”, пагадзіліся 26% рэспандэнтаў, тады як 48% адказалі адмоўна.

Назваць сябе дэмакратам ці чалавекам дэмакратычных перакананняў пагадзілся 53% удзельнікаў даследавання, 23% такімі сябе не лічаць.

“Калі ўяўляць медыяннага беларуса, то ён ці яна хацелі б большай дэмакратычнасці палітычнай сістэмы, а таксама большага развіцця прыватнага сектара эканомікі — хоць лічыць беларусаў празмернымі лібераламі не варта. Праект ідэнтычнасці, які паўстаў у Беларусі, па сутнасці задавальняе большасць беларусаў”, — адзначаецца ў даследаванні.

Па знешнепалітычнай арыентацыі беларусы, паводле даных даследавання, “падзеленыя на тры групы”: прарасійская — 41% выступае за саюз з РФ, пранейтральная — 26% за саюз з ЕС і РФ адначасова, яшчэ 20% за тое, каб Беларусь была па-за геапалітычнымі саюзамі, і празаходняя —13% за саюз з ЕС. 

“Ніводная з гэтых груп не мае большасці ў грамадстве, а найбольшы патэнцыял для аб’яднання грамадскіх груп мае нейтральны варыянт падтрымання сувязяў з Захадам і Расіяй на аднолькавым узроўні”, — падкрэсліваецца ў даследаванні.

Беларусы таксама лічаць, што ў краіне высокая няроўнасць: адрозненні існуюць паміж рэгіёнамі; паміж заможнымі і беднымі; начальнікамі і працаўнікамі на прадпрыемствах; тымі, хто мае ўладныя паўнамоцтвы, і хто не мае. Так, з тэзісам “Розніца даходаў паміж багатымі і беднымі ў Беларусі вельмі высокая” пагадзілася 64% рэспандэнтаў, яшчэ 20% устрымалася ад ацэнкі, і толькі 17% з ім не згодна.

“Выклік для сённяшніх прадэмакратычных актараў Беларусі (шмат прадстаўнікоў якіх знаходзіцца ў эміграцыі ці ў турмах) — гэта пытанне, як пазбегнуць прорвы паміж медыянным беларусам і ўласным праектам Беларусі. Гэта можна было б вырашаць праз абарону канкрэтных інтарэсаў беларусаў. Гэткія захады падкрэслівалі б, што праект дэмакратычнай Беларусі — найлепшы”, — гаворыцца ў даследванні. 

Гл. таксама:

Chatham House: Беларусы расчараваліся ў мадэлі сацыяльнай дзяржавы

Доктар псіхалогіі Уладзімір Янчук: Пераважная большасць беларусаў палічыла за лепшае закапсулявацца

Падзяліцца: