Мінск 04:00

Затрыманага за назіранне ў судзе жыхара Брэста збілі — праваабаронцы

Віталь Чопік
Фота: "Вясна"

29 сасавіка, Позірк. Затрыманага ў Брэсце 28 сакавіка назіральніка за судамі Віталя Чопіка дастаўлялі ў шпіталь са слядамі моцнага збіцця.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”, спасылаючыся на брэсцкіх правабаронцаў, ўдакладняе, што гаворка ідзе пра 40-гадовага жыхара Брэста Віталя Чопіка, “які хадзіў на палітычна матываваныя суды”.

Паведамляецца, што пасля затрымання мужчыну дастаўлялі ў шпіталь на машыне хуткай дапамогі “са слядамі моцнага збіцця, а колер твару Чопіка быў жоўтым, што можа казаць аб пашкоджанні печані праз збіццё”.

28 сакавіка начальнік 6-га ўпраўлення ГУБАЗіК Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Лаўруковіч заявіў, што ў Брэсцкай вобласці “спыненая дзейнасць некалькіх асоб”, якія супрацоўнічалі з праваабарончым цэнтрам “Вясна”.

Паводле яго слоў, гаворка пра жыхароў Брэста, Баранавічаў і Пінска.

Лаўруковіч паведамляў пра 40-гадовага жыхара абласнога цэнтра, які “разам з саўдзельнікамі па ўказанні арганізатараў з-за мяжы сістэматычна наведваў суды па крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасці”.

Мужчына, паводле слоў прадстаўніка сілавога ведамства, “фіксаваў ход і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю аб сведках і прадстаўніках праваахоўных органаў”, пасля чаго перадаваў звесткі “замежным куратарам для публікацыі на дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсах”.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу “за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”, мужчына “змешчаны ў следчы ізалятар”. “Дзеянням яго саўдзельнікаў даецца прававая ацэнка”, — заявіў Лаўруковіч.

“Вясна” нагадвае, што 12 сакавіка ў дачыненні да Чопіка адбыўся адміністрацыйны суд за “непадпарадкаванне” міліцыянтам. У яго адбыўся ператрус.

Арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў або пазбаўлення волі ад 3 да 7 гадоў.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” — беларуская праваабарончая арганізацыя, пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі. У 2021 годзе інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала “Вясны” і ўсіх яе сацсетак была прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. У 2023 годзе беларускія ўлады абвясцілі “Вясну” абвясцілі “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: