Мінск 04:23

Ціханоўская абмеркавала з прадстаўнікамі дыяспары праблемы беларускамоўнай адукацыі ў Вільнюсе

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

29 сакавіка, Позірк. Праблемы беларускамоўнай адукацыі ў Вільнюсе абмеркавала 29 сакавіка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з бацькамі школьнікаў, якія дамагаюцца стварэння ў літоўскай сталіцы новых пачатковых класаў з беларускай мовай навучання.

Паводле інфармацыі прэс-службы палітыка, у сустрэчы з прадстаўнікамі дыяспары таксама ўдзельнічалі дарадцы Ціханоўскай Таццяна Шчытцова (па пытаннях адукацыі) і Маргарыта Ворыхава (па моладзевай палітыцы і студэнцтве).

Гаворка ішла пра патрэбу ў праграмах па інтэграцыі беларускіх дзяцей у Літве, беларускамоўных падручніках, адкрыцці дадатковых пачатковых класаў у гімназіі імя Францыска Скарыны з беларускай мовай навучання.

Суразмоўцы адзначылі, што за апошнія тры гады беларуская дыяспара ў Вільнюсе “значна павялічылася”, адпаведна, вырас і попыт на навучанне на беларускай мове. Разам з тым, як было падкрэслена, Скарынаўская гімназія не можа прыняць усіх ахвотных, таму беларускіх дзяцей перанакіроўваюць у іншыя адукацыйныя ўстановы, як правіла з рускай мовай навучання.

Бацькі паведамілі, што ўжо пачалі перамовы з мэрыяй Вільнюса пра новыя класы. Яны ўпэўненыя, што станоўчае вырашэнне гэтага пытання дазволіць дзецям “не толькі вучыцца на роднай мове, але і забяспечыць ім эфектыўную інтэграцыю ў літоўскае грамадства”. Гэта таксама дасць беларускім школьнікам магчымасць “атрымаць высакаякасную адукацыю і выхаванне <…> на дэмакратычных еўрапейскіх каштоўнасцях”.

Ціханоўская заклікала бацькоў падаваць адпаведныя заяўкі ў аддзел адукацыі мэрыі, каб улады Вільнюса маглі ацаніць попыт на навучанне на беларускай мове.

Паводле афіцыйных даных, у Літве жыве больш за 60 тыс. грамадзян Беларусі.

Падзяліцца: