Мінск 18:29

Ніякія “варварскія тэрарыстычныя атакі” не могуць зламаць дух расіян і беларусаў — Лаўроў

Сяргей Лаўроў і Сяргей Алейнік
Архіўнае фота: by.mir24.tv

2 красавіка, Позірк. “Ніякія варварскія тэрарыстычныя атакі не могуць запалохаць і зламаць дух расіян і беларусаў, вымушаных з гэтага часу аплакваць у адзін дзень ахвяр нацысцкіх паслугачоў не толькі Хатыні, але і Краснагорска”, — гаворыцца ў віншаванні міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова свайму беларускаму калегу Сяргею Алейніку з Днём яднання народаў Расіі і Беларусі.

“Наадварот, агульныя цяжкія выпрабаванні яшчэ больш нас гуртуюць, умацоўваюць нашу рашучасць пакончыць са злом, якое крынічыць чалавеканенавісніцкія ідэалогіі неанацызму і рэлігійнага экстрэмізму. Упэўнены, што разам мы зможам справіцца з самымі сур’ёзнымі пагрозамі і выклікамі, якія кідае нам “калектыўны Захад” і яго ўкраінскія марыянеткі, гарантаваць бяспеку і росквіт усіх расіян і беларусаў”, — адзначыў Лаўроў (цытата паводле сайту МЗС РФ).

З Днём яднання павіншавалі адзін аднаго Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, паведамляюць прэс-службы палітыкаў.

Лукашэнка выказаў упэўненасць, што “насычаны двухбаковы парадак дня адкрывае новыя перспектывы для доўгатэрміновага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, паглыблення беларуска-расійскіх кааперацыйных сувязей”. Ён таксама адправіў віншаванні шэрагу вышэйшых расійскіх чыноўнікаў.

Пуцін у тэлеграме Лукашэнка падкрэсліў, што “за апошні час, нягледзячы на няпростыя міжнародныя ўмовы, Расіі і Беларусі ўдалося шмат зрабіць для развіцця шматпланавых расійска-беларускіх сувязей і ўмацавання інстытутаў Саюзнай дзяржавы”.

“Добрую аддачу дае каардынацыя намаганняў у сферы знешняй палітыкі, абароны і бяспекі”, — зазначыў Пуцін.

На сайце Лукашэнкі размешчана яшчэ адно віншаванне без указання адрасата, апублікаванае таксама на сайтах і ў тэлеграм-каналах практычна ўсіх дзяржорганаў. У ім Лукашэнка адзначае, што “гэтае свята вось ужо чвэрць стагоддзя ўвасабляе волю брацкіх народаў разам уладкоўваць агульны саюзны дом на карысць будучых пакаленняў”.

Свае віншаванні на сайтах і ў тэлеграм-каналах дзяржорганаў масава публікуюць беларускія чыноўнікі.

2 красавіка 1996 года прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Лукашэнка падпісалі дамову “Аб утварэнні Супольнасці Расіі і Беларусі”, якая пазней трансфармавалася ў Саюзную дзяржаву. З таго часу ўлады адзначаюць Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

Тэракт у падмаскоўнай канцэртнай зале “Крокус Сіці Хол” адбыўся 22 сакавіка перад канцэртам гурта “Пікнік”. У будынак увайшлі ўзброеныя людзі. У выніку страляніны і ахапіў будынак пажару загінулі сама меней 144 чалавекі, вядома аб 551 пацярпелым.

Загінулі тры грамадзяніны Беларусі: Алім Кашавараў, Вадзім Кулік (абодва 1981 года нараджэння, працавалі ў канцэртнай зале ахоўнікамі), а таксама жанчына 1978 г.н., як мяркуецца, ураджэнка Брэста Ганна Волкава.

Не менш як 12 чалавек затрымана ў Беларусі за каментарыі аб тэракце ў Падмаскоўі.

Падзяліцца: