Мінск 18:58

На першы прамы авіярэйс Брэст — Масква выкупілі 86% квіткоў

Ілюстратыўнае фота: unsplash.com / John McArthur

3 красавіка, Позірк. На першы прамы авіярэйс з Брэста ў маскоўскі аэрапорт Шарамеццева 3 красавіка было выкуплена “каля 86% білетаў”, паведамляе авіякампанія “Белавія”.

Палёты з беларускага абласнога цэнтра ў сталіцу РФ і назад будуць ажыццяўляцца двойчы на тыдзень — па серадах і суботах.

Борт “Эмбраер-175” вылятае з Брэста ў 16:35 і прызямляецца ў Маскве ў 18:20. У зваротным кірунку вылет у 13:45, прыбыццё — у 15:40.

Генеральны дырэктар “Белавія” Ігар Чаргінец лічыць, што “прамыя авіязносіны Брэст — Масква будуць садзейнічаць умацаванню ўжо наладжаных дзелавых кантактаў з партнёрамі з Расіі, а таксама адкрые новыя перспектывы развіцця турызму і культурнага ўзаемаабмену паміж гістарычна багатымі рэгіёнамі”.

Авіякампанія, як заяўлена на яе сайце, мае намер развіваць магчымасці рэгіянальных аэрапортаў, у тым ліку ў Брэсце — “павялічваць частотнасць палётаў рэгулярных рэйсаў, працаваць над чартэрнай праграмай”. У траўні плануецца аднавіць чартарныя перавозкі з Брэста ў Анталлю (Турцыя).

22 сакавіка самалёты “Белавія” пачалі лятаць паміж Гомелем і Санкт-Пецярбургам. З 25 красавіка пачнуць лятаць самалёты паміж Мінскам у Махачкалой, 28 траўня плануецца аднавіць прамыя рэйсы паміж Мінскам і Мурманскам (выконваліся ў траўні — кастрычніку 2023 года, перапыненыя на зімовы перыяд).

Пасля інцыдэнту, які адбыўся ў траўні 2021 года, з прымусовай пасадкай у Мінску самалёта Ryanair з апазіцыянерамі на борце, які ляцеў з Афін у Вільнюс, краіны Еўрасаюза закрылі для Беларусі сваё неба. “Белавія” і шэраг іншых арганізацый, звязаных з авіяцыйнай галіной, знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі. Нацыянальны авіяперавозчык цяпер у асноўным арыентуецца на палёты ў Расію.

Падзяліцца: