Мінск 06:26

Прэзідэнт УЕФА заявіў аб недастатковасці падстаў для адхілення Беларусі ад турніраў пад эгідай арганізацыі

Крыніца: unsplash.com

9 красавіка, Позірк. Прэзідэнт Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) Аляксандр Чэферын (Славенія) заявіў, што ў выпадку выключэння Беларусі з турніраў пад эгідай арганізацыі, аналагічныя дзеянні варта было б распачаць у дачыненні да ўсіх краін, якія “купляюць расійскі газ”.

Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв’ю іспанскаму выданню infolibre.

“Перш за ўсё, ні адзін палітык не будзе казаць нам, што рабіць, і мы не будзем слухаць ніякіх палітыкаў. Я супраць байкотаў, мне не падабаюцца ні байкоты, ні забароны. Але ў выпадку з Расіяй проста не было іншага выйсця, і мы ўсе павінны паспрабаваць дапамагчы спыніць гэтую вайну, гэта вар’яцтва”, — сказаў Чэферын.

Паводле яго слоў, з нагоды Беларусі ва УЕФА звярнуліся “некалькі палітыкаў, якія заявілі, што любы, хто дапамагае Расіі, павінен быць выгнаны”.

“Цяпер я задаю пытанне: ці дапамагаюць Расіі тыя, хто купляе газ? Ці павінны мы выгнаць ўсе еўрапейскія краіны, нават самыя шумныя, якія ўсё яшчэ купляюць газ? Палітыкі — гэта тыя, хто павінен вырашаць геастратэгічныя праблемы. Прасіць спартыўныя арганізацыі рабіць сваю працу — гэта папулізм і нічога больш”, — падкрэсліў кіраўнік УЕФА.

У красавіку 2023 года Чэферын паведаміў, што Беларусь пазбаўленая права правядзення чэмпіянату Еўропы 2025 года сярод дзяўчат да 19 гадоў.

Тады ж ён заяўляў, што пытанне магчымага адхілення беларускіх клубаў і зборных ад міжнародных турніраў будзе абмяркоўвацца на выканкаме арганізацыі ў чэрвені, аднак там ніякага рашэння прынята не было.

3 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля расійскага ўварвання ва Украіну выканкам УЕФА пацвердзіў пастанову аб забароне беларускім зборным і клубам праводзіць матчы пад эгідай арганізацыі на тэрыторыі Беларусі. На стадыёнах трэціх краін і без гледачоў беларускія каманды прымаюць супернікаў у якасці гаспадароў з 2021 года, адпаведная пастанова прынятая УЕФА пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта авіякампаніі Ryanair з на той момант апазіцыйным блогерам Раманам Пратасевічам на борце.

У розны час з заклікамі да УЕФА аб адхіленні Беларусі ад спаборніцтваў звярталіся дэпутаты Еўрапарламента, праваабарончая арганізацыя Libereco, швейцарскія парламентарыі, прадстаўнікі нямецкай партыі “Саюз 90/Зялёныя”, міністр унутраных спраў Германіі Нэнсі Фрэзер, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.

Падзяліцца: