Мінск 04:18

Кавалеўскі: Расія аднавіла імперыялістычны праект супраць усіх сваіх суседзяў

Ілюстрацыйнае фотa: freepik.com

13 красавіка, Позірк. У тэроры ў дачыненні да суседніх краін абвінаваціў сучасную Расію намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі 13 красавіка, у Дзень памяці ахвяр Катыні.

Палітык адзначыў, што падчас Катынскіх растрэлаў у 1940 годзе “было пакарана смерцю каля 22.000 польскіх афіцэраў і ваеннапалонных з ліку інтэлігенцыі — этнічных палякаў, беларусаў, украінцаў і габрэяў”.

Апрача таго, звярнуў увагу Кавалеўскі, 13 красавіка 1940 года “Саветы пачалі гвалтоўную дэпартацыю сотняў тысяч беларусаў і ўкраінцаў з заходніх раёнаў Беларусі і Украіны ў Сібір і Казахстан”.

“Абодва гэтыя злачынствы сведчаць пра маштабы і сістэматычны характар тэрору і генацыду сталінскага рэжыму супраць суседніх народаў, — падкрэсліў ён. — Без асаблівага перапынку Расія аднавіла гэты імперыялістычны праект супраць усіх сваіх суседзяў”.

“Карумпаваны Лукашэнка і яго рэжым бяздумна служаць Крамлю ў справе ліквідацыі беларускага суверэнітэту і нацыянальнай ідэнтычнасці і ўносяць значны ўнёсак у вайну Расіі супраць Украіны. Гэта злачынствы, якія ўсе краіны павінны разам спыніць і прыцягнуць Пуціна і Лукашэнку да адказнасці”, — дадаў прадстаўнік АПК.

24 лютага 2022 года Расія пачала паўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: