Мінск 07:11

У дагавор c РФ па ўскосных падатках плануецца ўнесці змены

Ілюстрацыйнае фота: neg.by

15 красавіка, Позірк. У дагавор паміж Беларуссю і Расіяй аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках ад 3 кастрычніка 2022 года плануецца ўнесці змены, вынікае з паведамлення прэс-службы беларускага Міністэрства фінансаў.

Такое рашэнне было прынята пасля разгляду змяненняў падатковага заканадаўства дзвюх краін.

Інтэграваная сістэма адміністравання ўскосных падаткаў Расіі і Беларусі ўведзена ў прамысловую эксплуатацыю летась у канцы студзеня.

Дагавор аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках з’яўляецца адным з асноўных дакументаў у развіццё дэкрэта, якім Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін зацвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі ў лістападзе 2021 года.

Дагавор прадугледжвае рэгуляванне падатковых вызваленняў, ільгот па падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ), вызначэнне пераліку абавязацельстваў, што абкладаюцца ПДВ па нулявой стаўцы, устанаўленне ставак акцызаў на тавары і пераліку тавараў, якія падлягаюць абкладанню акцызамі, вызваленняў і льгот па выплаце акцызаў.

Сфармаваны мінімальны пералік падакцызных тавараў, у які ўваходзяць алкагольная прадукцыя, тытунь і тытунёвыя вырабы, аўтамабільныя бензіны, дызельнае паліва, маторныя масла. Вызначаны мінімальныя стаўкі акцызаў на алкагольныя і тытунёвыя вырабы і нафтапрадукты. Пры гэтым для Беларусі прадугледжана паэтапнае павышэнне ставак на тытунёвыя вырабы да ўзроўню стаўкі акцызаў, якая выкарыстоўваецца ў РФ.

Таксама вызначаны льготы па акцызах, катэгорыі плацельшчыкаў, якія вызваляюцца ад ПДВ, і льготы па гэтым падатку.

Падзяліцца: