Мінск 17:28

ААЦ ануляваў даменныя імёны сайтаў Руху “За Свабоду” і медыя Reform.by (абноўлена)

Будынак ААЦ
Фота: сайт Аляксандра Лукашэнкі

15 красавіка, Позірк. Даменнае імя сайта дэ-юрэ ліквідаванага Руху “За Свабоду” ануляванае, паведаміў лідэр гэтай структуры, намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па транзіце ўлады Юрась Губарэвіч.

Палітык апублікаваў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” ліст Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ), які паведаміў яму як уладальніку даменнага імя аб адпаведнай пастанове, прынятай у сувязі з тым, што сайт Руху “За Свабоду” ўключаны ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

На думку Губарэвіча, гэта “добры кейс”, кааб “ужо цяпер пачаць працэс пазбаўлення правоў на даменную зону .by у рэгістратараў, якія прадстаўляюць рэжым”.

15 красавіка ліст рэгулятара з аналагічным тлумачэннем анулявання даменнага імя атрымала таксама медыя Reform.by. Рэдакцыя заявіла, што разглядае такія дзеянні як “цэнзуру і бессаромнае маніпуляванне ААЦ як нацыянальнага адміністратара даменнай зоны міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі“.

Цяпер асноўнае даменнае імя сайта — reform.news, доступ да якога ў Беларусі заблакаваны.

У студзені Аператыўна-аналітычны цэнтр пазбавіў дэ-юрэ ліквідаваную Беларускую асацыяцыю журналістаў права на кіраванне даменным імем baj.by — нібыта праз выяўленыя парушэнні.

4 красавіка начальнік ААЦ Андрэй Паўлючэнка падпісаў загад № 69 (апублікаваны 9 красавіка), згодна з якім “у выпадку ўключэння ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інфармацыйнай прадукцыі з указаннем інтэрнэт-рэсурсу і яго ідэнтыфікатара — даменнага імя, зарэгістраванага ў нацыянальнай даменнай зоне, запіс аб рэгістрацыі такога даменнага імя анулюецца паводле рашэння адміністратара нацыянальнай даменнай зоны”.

Ануляванае даменнае імя ўносіцца ў спецыяльны пералік і “становіцца недаступным для рэгістрацыі на працягу перыяду знаходжання адпаведнай інфармацыйнай прадукцыі ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Таксама ўказана, што даменнае імя, запіс аб рэгістрацыі якога ануляваны, будзе выстаўляцца на аўкцыён не пазней за 45 каляндарных дзён з дня анулявання запісу (іншы тэрмін у дачыненні да канкрэтных даменаў можа быць вызначаны адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны ў паведамленні).

Абнаўленне:

Дамена пазбаўлены таксама папулярны магазін беларускай сімволікі Symbal.by, які цяпер працуе з-за мяжы. Паводле інфармацыі рэсурсу, там былі гатовыя да такога развіцця падзей і загадзя пераехалі на серверы за межамі краіны, змяніўшы дамен на міжнародны — symbalby.соm.

Падзяліцца: