Мінск 17:38

Ціханоўская возьме ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін “Вялікай сямёркі”

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

17 красавіка, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін “Вялікай сямёркі” (G7) у Італіі. Гэта вынікае з каментара дыпламатычнага дарадцы дэмлідара Дзяніса Кучынскага ў яе тэлеграм-канале.

Сустрэча адбудзецца 17–19 красавіка на востраве Капры (Італія).

Кучынскі падкрэсліў, што ўпершыню на “міністэрскую сустрэчу” запрасілі прадстаўніка Беларусі.

Таксама Ціханоўская запрошаная на сустрэчу спікераў парламентаў краін ЕС і Іспаніі. На мерапрыемстве будзе два асаблівых госця — кароль Іспаніі і Ціханоўская, сказаў Кучынскі.

Дэмакратычны лідар, паводле яго слоў, на абодвух сустрэчах мае намер казаць пра падтрымку палітвязняў, пра тое, як “вывесці Беларусь з вайны” і пра стратэгію Захаду па аднаўленьні дэмакратыі ў Беларусі.

19 сакавіка свой удзел у сустрэчы міністраў G7 Ціханоўская абмеркавала з новым італьянскім паслом у Літве Эмануэле дэ Мегрэ.

Гэтае мерапрыемства папярэднічае 50-му саміту G7 — сустрэчы на вышэйшым узроўні, якая пройдзе з 13 па 15 чэрвеня 2024 года ў Брындызі (Апулія) у Італіі. Гэтая краіна ў 2024 годзе старшынюе ў G7, куды акрамя яе ўваходзяць ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Францыя і Канада.

Падзяліцца: