Мінск 10:15

Федэрацыя прафсаюзаў Аўстрыі заклікала амбасадара Беларусі паўплываць на сітуацыю з асуджанымі членамі БКДП (абноўлена)

Архіўнае фота: БКДП

19 красавіка, Позірк. Выкарыстаць “кантакты ў Мінску, каб паспрабаваць знайсці спрыяльнае вырашэнне” сітуацыі з асуджанымі членамі Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) заклікаў амбасадара Беларусі ў Аўстрыі Андрэя Дапкюнаса прэзідэнт Аўстрыйскай федэрацыі прафсаюзаў (ÖGB) Вольфганг Катцыян.

Пра тое, што кіраўнік ÖGB звярнуўся да беларускага дыпламата з адпаведнай просьбай, федэрацыя паведаміла 19 красавіка, у другую гадавіну затрымання кіраўніцтва БКДП.

У лісце Дапнюнасу Катцыян адзначыў, што “працяглае жорсткае абыходжанне” з прадстаўнікамі БКДП “несумяшчальнае з асноўнымі прынцыпамі правоў чалавека”.

ÖGB канстатавала, што “становішча прафсаюзаў у Беларусі імкліва пагаршаецца”. Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца пад санкцыямі і “на працягу дзесяцігоддзяў” застаецца ва ўладзе ў выніку “сумніўных выбараў”, не адхіляецца ад свайго “антыпрафсаюзнага курсу”, адзначыла федэрацыя.

“Свабодныя прафсаюзы забароненыя, арышты прафсаюзных актывістаў па-ранейшаму ў парадку рэчаў. Надуманыя абвінавачванні ахопліваюць шырокі спектр — ад экстрэмізму і тэрарызму да распальвання сацыяльнай нянавісці і дзяржаўнай здрады — і караюцца працяглымі турэмнымі тэрмінамі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі ÖGB, “сістэматычны пераслед прафсаюзных актывістаў” заахвоціў Міжнародную канфедэрацыю прафсаюзаў (МПК) абвясціць 19 красавіка Міжнародным днём дзеянняў у падтрымку свабодных прафсаюзаў і дэмакратыі ў Беларусі.

18–19 красавіка 2022 года па Беларусі пракацілася хваля вобшукаў і затрыманняў актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. У СІЗА КДБ змясцілі лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, прафсаюзнага актывіста Вацлава Арэшку, намесніка старшыні БКДП Сяргея Антусевіча, кіраўніка ячэйкі Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Мікалая Шараха і намесніка старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) Аляксандра Еўдакімчыка (пасля ўсе незалежныя прафсаюзы, што ўваходзілі ў структуру БКДП, былі ліквідаваныя).

Былі затрыманыя лідар БКДП Аляксандр Ярашук, старшыня СПМ Аляксандр Бухвостаў, актывісты Віталь Чычмараў, Ірына Бут-Гусаім, Ігар Леднік. Апошні памёр 20 лютага 2024 года ў Мінскай раённай бальніцы (афіцыйна — ад спынення сэрца). Туды яго даставілі з бабруйскай калоніі № 2 (Магілёўская вобласць), дзе мужчына адбываў вынесены у рамках палітычна матываванай справы тэрмін пакарання — 3 гады пазбаўлення волі.

26 снежня 2022 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў старшыню БКДП Аляксандра Ярашука (цяпер яму 72 гады) да 4 гадоў пазбаўлення волі, яго намесніка Сяргея Антусевіча — да 2, бухгалтара Ірыну Бут-Гусаім — да 1,5 (апошнія двое ўжо на волі). Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Акрамя таго, паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару, іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы) асобна прызнаны вінаватым Ярашук, які неаднаразова публічна выступаў супраць санкцый.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”, толькі з красавіка 2022 года па жнівень 2023-га ў Беларусі было затрымана больш за 35 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. Акрамя кіраўніцтва і членаў вышэйзгаданых прафарганізацый, рэпрэсіям падвергнулі прафсаюзных актывістаў на прадпрыемствах “Гродна Азот”, “Нафтан”, “Беларуськалій” ды інш.

Абнаўленне.

Генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП) Люк Трыангл у звароце да сусветнай супольнасці 19 красавіка падкрэсліў неабходнасць вызвалення прафсаюзных лідэраў, пазбаўленых волі ў беларускіх турмах, паведамляе Асацыяцыя “Салідарнасць” (заснавана прафсаюзнымі лідэрамі і актывістамі з Беларусі, якія вымушана пакінулі краіну).

Трыянг асудзіў дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія прывялі да ліквідацыі чатырох незалежных прафсаюзаў і арышту прафсаюзных лідэраў. Генеральны сакратар зазначыў, што амаль паўсотні прафсаюзных актывістаў пазбаўлены волі. Яны сталі аб’ектамі палітычнага пераследу і ўключаны ў спісы “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”.

Аналагічныя відэазвароты з патрабаваннем вызваліць прафсаюзных дзеячаў, а таксама астатніх палітычных зняволеных у Беларусі, запісалі і іншыя прафсаюзныя лідэры і палітычныя дзеячы: генеральны сакратар МКП Азія і Ціхаакіянскія рэгіён Шойя Ёшыда, нацыянальны сакратар Кангрэса прафсаюзаў Фіджы Фелікс Эндзітон Лігі (LIS) Алехандра Бодарт, прэзідэнт DISK і генеральны сакратар Прагрэсіўных прафсаюзаў Турцыі Арцу Чаркез Оглу, прадстаўнік Нідэрландскага прафсаюзнага аб’яднання FNV Вім Дэкрэс.

Падзяліцца: