Мінск 02:25

Дзяржпагранкамітэт: За тыдзень Беларусь без віз наведала 3.598 жыхароў суседніх краін ЕС

Фота: "Калінкавіцкія навіны"

22 красавіка, Позірк. З 16 па 22 красавіка Беларусь без візаў наведала 3.598 жыхароў суседніх краін Еўрасаюза (тыднем раней — 3.517), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За гэты перыяд у краіну прыбылі 1.314 грамадзян Літвы (1.301), 970 грамадзян і 289 неграмадзян Латвіі (996 і 297 адпаведна), 1.025 грамадзян Польшчы (923).

З пачатку года бязвізам скарысталіся 69.763 жыхары гэтых краін: 34.474 грамадзяніны Літвы, 16.638 грамадзян і 4.366 неграмадзян Латвіі, а таксама 14.285 грамадзян Польшчы.

Агулам ад пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусь накіравалася 870.369 замежнікаў: 529.685 грамадзян Літвы, 201.439 грамадзян і 60.481 неграмадзянін Латвіі, а таксама 78.764 грамадзяніны Польшчы.

Бязвіз дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

Улады названых суседніх краін неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць Беларусь з меркаванняў бяспекі.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: