Мінск 17:29

Украіна выйшла з пагаднення з Беларуссю аб супрацы ў галіне аховы сартоў раслін

Крыніца: pixabay.com

24 красавіка, Позірк. Украіна спыніла дзеянне пагаднення аб супрацы ў галіне дзяржаўнага выпрабавання і аховы сартоў раслін з Беларуссю, паведаміў у сваім тэлеграм-канале прадстаўнік Кабінета міністраў у Вярхоўнай радзе Тарас Мельнічук.

Дзеянне Пагаднення паміж Кабінетам міністраў Украіны і ўрадам Беларусі аб супрацы ў галіне дзяржаўнага выпрабавання і аховы гатункаў раслін, заключанага 21 траўня 2004 года, а таксама пратакола паміж Кабінетам міністраў і ўрадам, які ўносіць змены ў гэтую пастанову, заключанага паміж бакамі 25 сакавіка 2009 года, спынена “у сувязі з карэнным змяненнем абставін”.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у якой Беларусь падтрымлівае Расію, Кіеў і Мінск скасавалі шмат дагавораў аб двухбаковым супрацоўніцтве.

22 снежня 2023 года Вярхоўная рада Украіны ўзхваліла законапраект аб спыненні дзеяння міжурадавага пагаднення з Беларуссю аб свабодным гандлі.

29 лістапада таго ж года Беларусь заявіла пра спыненне дзеяння пагаднення аб узаемным пераводзе і выплаце пенсій (Украіна дэнансавала гэта пагадненне за паўгода да таго — 29 траўня).

19 верасня 2023 года абедзве палаты парламента прынялі, а Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб прыпыненні дзеяння пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай аб рэгуляванні працэсу перасялення і абароне правоў перасяленцаў і членаў іх сем’яў”. Дакумент быў падрыхтаваны “ў рамках мер у адказ на недружалюбныя дзеянні Украіны ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь”, яго рэалізацыя нібыта “будзе садзейнічаць абароне нацыянальных інтарэсаў” Беларусі.

Падзяліцца: