Мінск 01:27

Алейнік заявіў, што ў палітыкаў Літвы “рыльца ў пушку”, раз яны “эмацыйна” адрэагавалі на словы Церцеля пра атаку дронамі

Крыніца: МЗС Беларусі

5 траўня, Позірк. Міністр замежных спраў Сяргей Алейнік “параіў” літоўскім палітыкам “перастаць падтрымліваць экстрэмістаў”, бо гэта можа мець эфект бумеранга, паведамляе расійскае інфармагенцтва РІА “Навіны”.

“Гісторыя паказвае, што рана ці позна любыя экстрэмісцкія або тэрарыстычныя фарміраванні пачынаюць гуляць у сваю гульню, — удакладніў кіраўнік беларускай дыпламатыі. — І часцяком гэтая гульня ажыццяўляецца ў тым ліку супраць тых краін, якія займаліся падтрымкай і фінансаваннем іх дзейнасці”.

Кіраўнік МЗС сцвярджае, што ўлады Літвы ведаюць пра змешчаныя на тэрыторыі краіны “ваенізаваныя фарміраванні, якія плануюць змену ўлады ў Беларусі”, але “папушчальнічаюць гэтаму”.

“Яны павінны дакладна ўсведамляць, што любое перасячэнне чырвоных ліній у гэтай частцы будзе спалучана з адказнасцю, у тым ліку з іх адказнасцю за тую дапамогу, за тое фінансаванне, за тую падтрымку, якую яны аказваюць гэтым ваенным фарміраванням”, — сказаў Алейнік.

Ён назваў “эмацыйнай” рэакцыю Вільнюса на заявы старшыні КДБ Івана Церцеля аб спыненні спецслужбай атакі дронамі з тэрыторыі Літвы.

На ягоную думку, гэта сведчыць пра тое, што ў палітыкаў гэтай краіны “рыльца ў пушку”, пра што сведчаць “факты падрыхтоўкі і фінансавання каляваенных, ваенізаваных фарміраванняў на тэрыторыі Літвы”.

“Старшыня КДБ казаў пра тое, што ўдалося прадухіліць нанясенне удараў дронамі з тэрыторыі Літвы, а не пра тое, што Літва збіраецца атакаваць Рэспубліку Беларусь дронамі”, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

На Усебеларускім народным сходзе 25 красавіка Церцель заявіў, што спецслужба нібыта прадухіліла ўдары з тэрыторыі Літвы баявымі дронамі па аб’ектах у Мінску і ваколіцах. Літоўскі сілавы блок назваў гэта дэзінфармацыяй, МЗС уручыў часоваму паверанаму ў справах Беларусі Яраславу Хмылю дыпламатычную ноту з патрабаваннем “неадкладна абвергнуць дэзінфармацыю”.

На наступны дзень тэлеканал “Белсат” паведаміў, што ў яго распараджэнні аказаўся падпісаны прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерыем Сахашчыкам ліст з папярэджаннем аб “падрыхтоўцы акту агрэсіі”. Палітык пацвердзіў сапраўднасць дакумента, але “вельмі прасіў яго не публікаваць” і ад далейшых каментароў адмовіўся.

Позна ўвечары 28 красавіка фотакопія дакумента з’явілася ў адкрытым доступе. У ім выканаўцамі патэнцыйнай атакі на энергааб’ект названая “група асоб з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць на тэрыторыі краін ЕС”, якая нібыта “афіляваная з адным з ваенна-патрыятычных клубаў беларускіх апазіцыйных ініцыятыў у Польшчы і Літве. Прадстаўнікі абедзвюх згаданых у лісце структур абверглі дачыненне да падобных планаў.

29 красавіка Сахашчык заявіў у сваім тэлеграм-канале, што яго ліст аб “магчымай правакацыі з атакай на беларускія аб’екты крытычнай энэргетычнай інфраструктуры” быў накіраваны на “прадухіленне гэтай пагрозы”.

“Адпаведная інфармацыя была атрыманая з афіцыйных крыніц у кампетэнтных ведамствах шэрагу заходніх краін, — адзначыў палітык. — У сувязі з гэтым усе, хто мог быць неяк звязаны з гэтай сітуацыяй, былі апавешчаныя аб магчымых наступствах. Мы не абвінавачвалі і не шкодзілі іміджу адрасатаў, а, наадварот, зрабілі ўсё, што ў нашых сілах, каб прадухіліць вельмі негатыўныя для іх наступствы з боку заходніх краін-партнёраў, прычым выключна ў канфідэнцыйным парадку”.

Паводле яго слоў, “гаворка ішла аб прафілактычным прававым інфармаванні, абароне жыццяў беларусаў і прадухіленні ваеннай эскалацыі, якая выключна ў інтарэсах Расіі”.

Шэраг экспэртаў мяркуе, што дэзінфармацыя аб “падрыхтоўцы акту агрэсіі” была падкінутая Сахашчыку ад КДБ з мэтай дыскрэдытацыі беларускіх парамілітарных клубаў за мяжой, а прадстаўнік АПК прыняў яе на веру і распаўсюдзіў згаданы ліст. Гэта дало Церцелю падставы заяўляць аб “спыненні атакі дронамі”.

Падзяліцца: