Мінск 14:26

Даўгі прадпрыемстваў за месяц выраслі на 5 млрд рублёў — Белстат

Фота мае ілюстрацыйны характар
Крыніца: bsc.by

16 траўня, Позірк. У першым квартале 2024 года рэнтабельнасць рэалізаванай прадпрыемствамі прадукцыі склала 7,5% (месяц таму — 7,1%; +0,4 працэнтнага пункта), рэнтабельнасць продажаў — 6,3% (5,9%; +0,4 п.п.), паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Дэбіторская запазычанасць (пазыкі прадпрыемству) на 1 траўня вырасла да 69,8 млрд рублёў (месяцам раней — 66,6 млрд; +4,8%), у тым ліку пратэрмінаваная — 9 млрд (8,9 млрд; +1,1%).

Крэдыторская запазычанасць (запазычанасці прадпрыемства) вырасла на 5 млрд рублёў і склала 83,4 млрд (78,4 млрд; +6,4%), у тым ліку пратэрмінаваная — 10 млрд (за месяц не змянілася).

3 кастрычніка 2023 года на нарадзе па продажах айчыннай прадукцыі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для беларускай эканомікі “пытаннем пытанняў” з’яўляецца дэбіторская запазычанасць. “Па “дэбіторцы”, я сказаў, ніякіх спасылак [не павінна быць] на тое, што недзе плацяжы не ідуць, яшчэ нешта”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, у Нацбанку і “спадарожных структурах” працуе “не адна тысяча” супрацоўнікаў. “Таму давайце разам з урадам займайцеся і пачынайце працаваць, калі можаце. А на гэтую тэму, зноў жа, больш размоваў быць не можа”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Сёлета 9 красавіка на нарадзе аб развіцці прамысловасці ён канстатаваў, што не выкананы яго патрабаванні па скарачэнні знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, якая за 2023 год вырасла больш як на 10%.

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 красавіка 2024 года склала 53 млрд 11,9 млн рублёў, сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

Актуальная сума запазычанасці на 1,18% большая, чым было на 1 студзеня 2024-га (52 млрд 394,8 млн), і на 16% перавышае запазычанасць, зафіксаваную 1 красавіка 2023-га (45 млрд 702,4 млн).

Пратэрмінаваная запазычанасць у крэдытах склала 172,7 млн рублёў (рост за год на 30,64%; з пачатку года +32,14%).

Падзяліцца: