“Радыё Свабода” павінна закрыцца, калі ў Беларусі будзе свабода слова — былы кіраўнік службы РС Лукашук

17 траўня, Позірк. Беларускую службу “Радыё Свабода” (РС) чакае “светлая будучыня”, заявіў “Позірку” яе былы кіраўнік Аляксандр Лукашук 17 траўня ў Вільнюсе на палях прэзентацыі сваёй кнігі ўспамінаў “Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода”.
“Радыё Свабода” павінна закрыцца, павінна стаць непатрэбным, як яно стала непатрэбным у Польшчы, Літве, Эстоніі, Латвіі. Гэта адбудзецца тады, калі ў Беларусі будзе свабода слова”, — падкрэсліў ён.
Роля ўсіх незалежных медыя ў бліжэйшыя гады будзе “вельмі важнай і складанай”, лічыць Лукашук, бо “гэта адзіны сродак цяпер, які працягвае працаваць з Беларуссю”.
“У гэтым сэнсе місія “Радыё Свабода” не адрозніваецца. Уся беларуская незалежная журналістыка, як і “Радыё Свабода”, “Еўрарадыё”, “Радыё Рацыя”, “Белсат”, — усе працуюць з-за мяжы. Мы, вядома, займаліся гэтым 70 гадоў — досвед вялікі. Працаваць так можна, аўдыторыя знаходзіць. Нічога надзвычайнага, гэтаму можна даць рады”, — упэўнены суразмоўца.
Прэзентацыю сваіх мемуараў Лукашук пачаў са слоў шкадавання праз тое, што на сустрэчы не могуць прысутнічаць яго зняволеныя былыя калегі, а таксама астатнія тры дзясяткі беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі.
Даведка "Позірку" пра пераслед РС
- 23 снежня 2021 года МУС прызнала РС “экстрэмісцкім фарміраваннем”.
- У той жа дзень быў затрыманы шматгадовы журналіст гэтага медыя Алег Груздзіловіч. Пасля яго прыгаварылі да 1,5 года пазбаўлення волі паводле арт. 342 КК. 21 верасня 2022 года ён выйшаў на волю на падставе прашэння аб памілаванні (пры гэтым віну не прызнаў). З’ехаў за мяжу.
- У няволі застаюцца фрылансер Андрэй Кузнечык (прыгавораны да 6 гадоў зняволення паводле арт. 3611 — “стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім”), медыякансультант Ігар Лосік (15 гадоў, арт. 130 — “распальванне <…> варожасці ці варажнечы”, арт. 293 — “масавыя беспарадкі”), журналіст РС у 2000–2021 гадах Ігар Карней (3 гады, ч. 3 арт. 3611).
- Спецыяльная вытворчаць паводле шасці крымінальных артыкулаў распачатая ў дачыненні да блогера і журналіста РС Сяргея Дубаўца.
- Цяпер беларуская служба РС працуе з Вільнюса.
Ён паведаміў, што 260 старонак мемуараў, падзеленых на дзве часткі, былі напісаныя “за 2,5 месяцы ў 2022 годзе”. Кніга выйшла ў пражскім выдавецтве Vesna. У ёй аўтар узгадвае, як стваралася РС, як яно працавала з аўдыторыяй, журналістамі, якім чынам паўплывала на яго самаго. Частка ўспамінаў прысвечаная перыяду яго працы ў Афганістане.
Беларуская рэдакцыя, нагадаў Лукашук, паўстаўла ў траўні 1954 года. У кастрычніку 1998 года ён стаў яе сёмым дырэктарам, сышоў з гэтай пасады ў 2023-м.
“Гэта найдаўжэйшы тэрмін у гісторыі амерыканскага замежнага вяшчання. Пры мне змянілася восем дырэктараў расійскай службы, шэсць — украінскай, — адзначыў спікер. — Калі быць педантычным, то насамрэч я не сёмы дырэктар, я — сёмы, дзявяты, адзінаццаты і трынаццаты. Бо некалькі разоў пакідаў беларускую службу. Ездзіў спачатку ў Стэнфард, у Каліфорнію, дзе ў Гуверскім універсітэце быў стыпендыянтам, напісаў кніжку “Прыгоды АРА ў Беларусі”. Потым у 2004 годзе начальства папрасіла мяне ўзначаліць афганскую службу, у беларускую я вярнуўся ўжо ў 2006-м. У 2007–2008-м быў галоўным рэдактарам радыё”.

Лукашук назваў РС “галоўным радыё ў свеце”, у тым ліку праз тое, што “кожная моўная стужка (а на радыё іх каля трох дзясяткаў) — гэта свой народ, свая краіна часам, свая мова, <…> гэта сусвет”.
Самым галоўным недахопам сваёй апошняй кнігі аўтар назваў тое, што ў ёй — з прычыны бяспекі — не названыя імёны калег. “Вядома, гэта драма нашага часу, што мы не можам рабіць здымкі, калі мы разам сабраліся, мы не называем імёны”, — падкрэсліў ён.
Паводле слоў Лукашука, усе беларускія незалежныя журналісты “таленавітыя, творчыя і адважныя”, але сваіх калег у кнізе ён вырашыў ахарактарызаваць інакш, адказаўшы на пытанне, што іх аб’ядноўвае.
“Што можа аб’ядноўваць свежадэмабілізаванага салдата, які прыйшоў у рэдакцыю і левай рукой зрабіў дыгітальную рэвалюцыю з другім калегам, які правай [рукой] спыніў будаўніцтва атамнай станцыі на Віцебшчыне? — запытаўся аўтар. — Што аб’ядноўвае матэматыка, чыю аналітыку чытаюць у Пентагоне, з мовазнаўцам, які ўзначальвае народны рух і партыю? Як увогуле гэтыя інтэрв’юеры гавораць з прэзідэнтамі, палітвязнямі, лекарамі так, быццам яны самі кіравалі краінамі, лячылі людзей ці сядзелі ў турме? Як можа быць, што рэдактар працуе як цэлы Інстытут гісторыі?”
“Я зразумеў, што мае калегі не былі маімі сучаснікамі, гэта былі госці з будучыні. Кожны з іх знаходзіўся ў сваёй будучыні — хто далей, хто бліжэй. Дзякуючы ім і я правёў пэўны час таксама ў будучыні”, — дадаў ён.
На пытанне, ці лёгка было сысці з РС пасля столькіх гадоў працы, Лукашук адказаў: “З пэўнага моманту я пабачыў, што людзі, з якімі я працую, яны хутчэйшыя за мяне”.
“Яны ведаюць больш, усё робяць лепш, думаюць наперад і іначай. Прычым гэта тычылася фактычна ўсіх. <…> У гэтым сэнсе было зусім няцяжка развітвацца, таму што тое, што яны рабілі, як яны рухаліся… Я мог толькі глядзець і зычыць поспехаў”, — адзначыў спікер.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваНа Дзень незалежнасці-2025 здарылася на 60% больш пажараў, чым год тамуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+