Мінск 06:08

У авіякатастрофе загінуў прэзідэнт Ірана Раісі, Лукашэнка з мінулага года чакаў яго ў Мінску

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Эбрахіма Раісі ў сакавіку 2023 года
Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

20 траўня, Позірк. Прэзідэнт Ірана Эбрахім Раісі загінуў у выніку крушэння верталёта 19 траўня ў іранскай правінцыі Усходні Азербайджан. Смерць кіраўніка выканаўчай улады раніцай 20 траўня пацвердзіла дзяржаўнае інфармагенцтва Mehr.

Разам з Раісі на борце верталёта былі міністр замежных спраў Хасейн Амір-Абдалахіян, губернатар Усходняга Азербайджана Малек Рахмаці, прадстаўнік лідара Ісламскай рэвалюцыі ў згаданай правінцыі аятала Махамад Алі Але-Хашам і яшчэ некалькі чалавек. Крушэнне ніхто не перажыў.

Апошнім часам рэжым Аляксандра Лукашэнкі актыўна наладжваў сувязі з іранскім кіраўніцтвам.

У сакавіку 2023 года Лукашэнка наведваў Іран і сустракаўся з Раісі. Тады была падпісана дарожная карта ўсебаковага супрацоўніцтва на 2023–2026 гады.

У кастрычніку Лукашэнка правёў перамовы з першым віцэ-прэзідэнтам Ірана Махамадам Махберам, які прыбыў у Мінск. У лістападзе адбылося першае пасяджэнне беларуска-іранскай міжведамаснай камісіі па вайсковай супрацы.

Праз некалькі месяцаў, у лютым 2024 года, беларускую сталіцу наведаў намеснік міністра абароны і падтрымкі Узброеных сіл Сеед Галандары, які адказвае за міжнародныя стасункі.

11 лютага Лукашэнка павіншаваў Раісі з 45-й гадавінай перамогі Ісламскай рэвалюцыі і запрасіў яго ў Беларусь.

Напрыканцы красавіка Мінск наведаў намеснік міністра абароны і падтрымкі Узброеных сіл Ірана, рэктар Тэхналагічнага ўніверсітэта імя Маліка Аштара Мехдзі Джафары.

У траўні цяпер нябожчык кіраўнік МЗС Амір-Абдалахіян наказаў амбасадару ў Беларусі Алірэзу Санеі развіваць супрацу і стасункі Тэгерана і Мінска.

У сярэдзіне гэтага ж месяца ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню з моманту ўсталявання дыпламатычных стасункаў з Іранам (18 сакавіка 1993 года) быў акрэдытаваны ваенны аташэ Рэза Хасраві Магадам (асноўнае месца ваенна-дыпламатычнай службы — іранская амбасада ў РФ).

Пасля абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе ў кастрычніку 2023 года (уварванне баевікоў ваеннага крыла групоўкі ХАМАС на тэрыторыю Ізраіля) года рэжым Лукашэнкі на ўзроўні рыторыкі імкнуўся ўдаваць на бесстаронняга, выказваючы занепакоенасць сітуацыяй у цэлым.

Аднак напрыканцы мінулага месяца міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы са сваім іранскім калегам Махамадам Ашціані ў Астане (Казахстан) асудзіў авіяўдар па консульстве Ірана ў Дамаску (Сірыя), які Ізраіль нанёс 1 красавіка 2024 года. Адначасова ён пахваліў “мудрую і абачлівую” атаку Ірана, які ў адказ на дзеянні Тэль-Авіва на працягу пяці гадзін абстрэльваў Ізраіль у ноч на 14 красавіка. Сярод іншага Хрэнін заявіў пра гатоўнасць Беларусі “развіваць і ўмацоўваць” супрацу з Іранам ва ўмовах санкцый.

Эбрахім Раісі, які займаў пасаду прэзідэнта з 3 жніўня 2021 года, не з’яўляўся кіраўніком дзяржавы, але ўзначальваў урад і выконваў прадстаўнічыя функцыі. У Іране статус кіраўніка дзяржавы замацаваны за вышэйшым кіраўніком, або рахбарам, якога абірае пажыццёва Савет экспертаў (з 4 чэрвеня 1989 года пасаду займае аятала Алі Хаменеі).

Падзяліцца: