Мінск 11:15

Каб пачаўся рух па вызваленні палітвязняў, патрэбная салідарнасць — Судаленка

Партрэт загінулага палітвязня Вітольда Ашурка на акцыі салідарнасці ў Вільнюсе (21 траўня 2024 года)
Фота: "Позірк"

21 траўня, Позірк. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі не спыняе рэпрэсіі ўнутры краіны і спрабуе прыпыніць актыўнасць беларусаў у замежжы, заявіў гомельскі праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка 21 траўня на мітынгу ў Вільнюсе, прымеркаваным да Міжнароднага дня салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі.

Чарговым сведчаннем гэтаму ён назваў новую крымінальную справу супраць палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк, а таксама крымінальны пераслед удзельнікаў выбараў у трэці склад Каардынацыйнай рады, якія жывуць па-за межамі Беларусі.

Судаленка выказаў салідарнасць са сваімі калегамі па праваабарончым цэнтры “Вясна” Алесем Бяляцкім, Уладзімірам Лабковічам, Валянцінам Стэфановічам, Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком. “Гэта тыя прадстаўнікі “Вясны”, якія, як і я [некалі], за дапамогу іншым людзям зараз знаходзяцца ў турме”, — канстатаваў ён.

“Я таксама тут, каб выказаць салідарнасць з тысячамі іншых беларускіх палітвязняў — журналістамі, прафсаюзнымі актывістамі, палітычнымі лідарамі і проста неабыякавымі грамадзянамі, якія кінутыя ў турмы толькі за тое, што патрабавалі перамен”, — дадаў праваабаронца.

Паводле слоў Судаленкі, у месцах пазбаўлення волі палітвязняў трымаюць у страшных умовах: “Іх вельмі часта кідаюць у штрафныя ізалятары, адзіночныя камеры, дзе вельмі халодна, асабліва ўзімку, дзе забіраюць бялізну, не выдаюць матрасы, падушкі, дзе палітычныя вымушаныя спаць на падлозе”.

“Я таксама прайшоў гэтыя карцары, таксама спаў на падлозе і змог на кароткім тэрміне вытрымаць (быў прыгавораны да 3 гадоў зняволення, правёў за кратамі 2,5 года з ўлікам асаблівасцяў заліку дзён у следчым ізалятары. — “Позірк”.), — сказаў ён. — Сёння тут гучалі тэрміны — 10, 15, нават 20 гадоў [зняволення]. У тых умовах гэты тэрмін багата для каго можа скончыцца стратай здароўя. І ўжо шэсць беларускіх палітвязняў загінула ў турмах. Мы, праваабаронцы, кажам, што <…> у турмах людзей забіваюць, гэта адбываецца зараз”.

Судаленка ўпэўнены, каб голас беларусаў “быў пачуты рэжымам Лукашэнкі, каб пачаўся нейкі рух” па вызваленні палітвязняў, неабходная салідарнасць. “Гэта тое, што ў нас нельга забраць. Я дзякую кожнаму, хто сёння тут, хто памятае, хто сваёй прысутнасцю і сваім голасам напамінае беларускаму рэжыму: тое, што адбываецца ў краіне, фактычна азначае генацыд беларускага народа”, — дадаў спікер.

Прадстаўнік “Вясны” журналіст і паэт Сяргей Сыс нагадаў, што ў Беларусі “тысячы людзей за кратамі”, лічба палітзняволеных мяняецца амаль штодзень.

“Трэба ўлічваць, што тысячы і тысячы людзей з’яўляюцца былымі палітвязнямі, — сказаў ён. — Якое смешнае слова — “былыя” — палітвязні… Не можна быць былым палітвязнем, ты застаешся ім навекі. У гэтым спісе таксама ёсць людзі, якія навечна застануцца палітвязнямі — яны загінулі ў засценках лукашэнкаўскага рэжыму”.

Сыс нагадаў, што Міжнародны дзень салідарнасці з палітвязнямі ўзнік з ініцыятывы “Вясны” тады, “калі была адна ахвяра — мужны чалавек [Вітольд] Ашурак”. “Сёння ўжо шасцёра [загінулых], і гэта толькі тое, што мы ведаем, толькі вяршыня таго айсберга, які схаваны ад нас подлым рэжымам, што хавае ўсю інфармацыю”, — адзначыў прадстаўнік праваабарончага цэнтра.

Паводле слоў Сыса, салідарнасць павінна быць не толькі з палітвязнямі, але паміж усімі беларусамі. “Калі мы ўсе разам, калі мы сціснемся ў кулак — у любой краіне, у любым горадзе свету — беларус да беларуса, калі кожны будзе дапамагаць адзін аднаму, мы выстаім, мы вернемся моцнымі і нешта зможам змяніць”, — падсумаваў выступоўца.

На вечар 21 траўня ў Беларусі 1.392 чалавекі, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі. Рэальная колькасць людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна большая.

Падзяліцца: