Мінск 15:06

Лукашэнка прызначыў Муравейку кіраўніком Генштаба (дапоўнена)

Фота: "Ваяр"

23 траўня, Позірк. Генерал Павел Муравейка прызначаны начальнікам Генеральнага штаба Узброеных сіл.

Адпаведнае рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла 23 мая яго прэс-служба.

Прызначаючы Муравека, Лукашэнка падкрэсліў важнасць пасады кіраўніка Генштаба.

“У нас міністр абароны ёсць міністр абароны, і яму падпарадкаваныя ўсе ў Міністэрстве абароны, — сказаў ён. — Тым не менш начальнік Генеральнага штаба мае пэўную самастойнасць. Непасрэдна займаецца планаваннем і рэалізацыяй тых ці іншых ваенных мерапрыемстваў. Усім тым, чым жывуць войскі. Вельмі тонкая грань паміж міністрам абароны і начальнікам Генштаба”.

Муравейка нарадзіўся 26 верасня 1971 года ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён, Мінская вобласць). Пасля заканчэння ў 1992 годзе Мінскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча служыў у мотастралковых войсках, даслужыўшыся да камандзіра батальёна.

Скончыўшы ў 2001 годзе камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Беларусі служыў у Генеральным штабе, праз некалькі гадоў пасля атрымання ў 2008 годзе дыплома Ваеннай акадэміі Генштаба РФ быў прызначаны намеснікам начальніка Геншба — начальнікам галоўнага аператыўнага ўпраўлення Міністэрства абароны.

Апошнім месцам службы была пасада першага намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі (з 10 лютага 2022 года).

18 снежня 2023 года ён быў унесены ў санкцыйны спіс Еўрасаюза, накіраваны супраць асоб, якія маюць дачыненне да ўварвання Расіі ва Украіну. Праз некалькі дзён да еўрапейскага пакета санкцый далучылася Швейцарыя, а ў лютым 2024-га — Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Малдова, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Украіна.

Муравейка вядомы сваімі скандальнымі заявамі. 24 кастрычніка 2023 года ў спецыяльным выпуску выдання “Вячэрні Мінск” выйшаў яго выступ на ідэалагічным семінары ў Мінгарвыканкаме: “Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары праз мяжу. Па ўсіх нормах міжнароднага права такі крок адносіцца да эканамічнай агрэсіі. З пункту гледжання банальнай логікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыццёва важны для нас [Сувалкскі] калідор сілай зброі. І ў іншых бы ўмовах нас бы ніхто ў свеце не асудзіў, мае смеласць выказаць здагадку. Але не ў цяперашніх, калі на краіну аказваецца беспрэцэдэнтны ціск з боку Захаду”.

26 красавіка гэтага года на палях міжнароднай сустрэчы па бяспецы ў Астане (Казахстан) ён заявіў, што напружанасць на мяжы “не тое, што расце, яна сёння дасягнула таго піку, калі найменшы дысбаланс можа прывесці альбо да сур’ёзнай, рэзананснай, маштабнай правакацыі, альбо да нейкага, не пасаромеюся нават гэтага слова, канфлікту”. “Гэта ўсё ў сукупнасці кажа, што ў паветры пахне вайной”, — сказаў Муравейка.

Ён сцвярджае, што за 15 кіламетраў ад межаў з Беларуссю сканцэнтраваныя “не прыбалты і не палякі”, а “воінскія фарміраванні блока НАТО, амерыканскія батальёны”.

Міністэрства замежных спраў Літвы 30 кастрычніка ўручыла ноту часоваму паверанаму ў справах Беларусі Яраславу Хмылю, у якой выяўлены “рашучы пратэст супраць выступу Муравейкі ў выданні “Вячэрні Мінск”.

У паведамленні МЗС Літвы ўказвалася, што заявы чыноўніка “могуць быць расцэненыя як адкрытая пагроза нападу на Літву і цалкам непрымальныя”. Ведамства запатрабавала ад Беларусі “неадкладна даць афіцыйнае тлумачэнне” сказанаму, а таксама нагадала, што Літва “прыме ўсе магчымыя меры для забеспячэння бяспекі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны”.

10 траўня Лукашэнка вызваліў ад пасады начальніка Генштаба-першага намесніка міністра абароны Віктара Гулевіча.

Паведамлялася, што Гулевіч звольнены з вайсковай службы ў запас па ўзросце з правам нашэння вайсковай формы адзення і знакаў адрознення.

Падзяліцца: