Мінск 09:23

Лукашэнка лічыць, што “праз праваслаўе можна дасягнуць міру і згоды ў сям’і славянскіх народаў”

Архіўнае фота: ТАСС

24 траўня, Позірк. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл нясе ў таварыства “ідэалы міласэрнасці і дабра, святло духоўнасці і асветы”, гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі з днём яго тэзаімяніцтва (імянінамі. — “Позірк”.).

“У дзень памяці святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія ў знак падзякі за шматгадовую нястомную працу праходзяць святочныя службы ў храмах, прамаўляюцца малітвы за Ваша здароўе. <…> Як прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы Мільёны хрысціян знаходзяць у Вашым архіпастырскім слове суцяшэнне і адказы на свае жыццёвыя пытанні”, — гаворыцца ў віншаванні, якое распаўсюдзіла яго прэс-служба.

Лукашэнка адзначыў “вялікую ролю Патрыярха Кірыла” ва ўмацаванні “братэрскіх сувязей” паміж Беларуссю і Расіяй: “Вас чуюць і паважаюць далёка за межамі рускай зямлі. Сёння, абапіраючыся на веру ў Бога, традыцыйныя маральныя каштоўнасці, праз праваслаўе можна дасягнуць міру і згоды ў сям’і славянскіх народаў”.

Патрыярх Кірыл (Уладзімір Гундзяеў) неаднаразова выказваўся ў падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Пазіцыя Рускай праваслаўнай царквы пад яго кіраўніцтвам прывяла да таго, што ў многіх епархіях Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата перасталі згадваць Кірылу ў малітвах, частка духавенства выступіла за разрыў сувязі з РПЦ. Выхад з-пад юрысдыкцыі Масквы сталі абмяркоўваць таксама праваслаўныя ў краінах Балтыі (у верасні 2022 года сейм Латвіі прыняў законапраект аб вывадзе Латвійскай праваслаўнай царквы з-пад улады Маскоўскага патрыярхата).

Рыторыка Кірыла наконт ваеннай агрэсіі стала адной з прычын, па якой Ватыкан на нявызначаны тэрмін адклаў яго сустрэчу з папам рымскім Францыскам.

Праваслаўе ў Беларусі лічыцца дамінуючай хрысціянскай канфесіяй. Руская праваслаўная царква лічыць беларускую зямлю сваёй кананічнай тэрыторыяй. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасць вернікаў у чатыры мільёны. Праваслаўная царква ў Беларусі налічвае 1.737 прыходаў у 15 епархіях, адкрыта 1.878 храмаў, на этапе будаўніцтва — 147.

З пачатку палітычнага крызісу ў 2020 годзе ўлады запалохваюць, затрымліваюць і пагражаюць рэлігійным лідэрам і абшчынам, абшчыны становяцца аб’ектам распальвання нянавісці і паклёпу з боку дзяржаўнай прапаганды, гаворыцца ў матэрыялах ініцыятывы “Хрысціянская візія”, перададзеных спецдакладчыцы Анаіс Марэн у лютым 2024 года.

Паводле данызх ініцыятывы на канец сакавіка гэтага года, з верасня 2020-га 19 праваслаўных, 25 рымска-каталіцкіх, 5 грэка-каталіцкіх, 25 пратэстанцкіх святароў, пастараў і служыцеляў падвергліся ператрусам, затрыманням, судам, арыштам, крымінальным пераследам, штрафам, пагрозам.

Падзяліцца: