Мінск 17:53

Латушка прапанаваў стварыць Цэнтр беларускіх тэатраў у Польшчы

24 траўня, Позірк. Стварыць Цэнтр беларускіх тэатраў у Польшчы прапанаваў 23 траўня на сустрэчы з намесніцай міністра культуры і нацыянальнай спадчыны гэтай краіны Мартай Ценькоўскай кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка.

Латушка, паводле інфармацыі прэс-службы АПК, паведаміў чыноўніцы, што незалежная трупа “Вольныя Купалаўцы” і яшчэ больш за дзесяць беларускіх тэатральных калектываў маюць патрэбу з сталым памяшканні ў Варшаве.

“Я патлумачыў спадарыні Ценькоўскай, што важна ствараць моцныя асяродкі беларускай культуры ў Польшчы, якія стануць крыніцамі адраджэння ў нашай краіне, калі рэжым Лукашэнкі зменіцца. Асобным асяродкам у музейнай сферы можа стаць і Музей вольнай Беларусі”, — заявіў па выніках сустрэчы палітык.

Падчас перамоў Латушка прадставіў сабраныя Беларускім ПЭНам даныя пра рэпрэсіі ў сферы культуры ў Беларусі за 2023 год (1.097 парушэнняў у дачыненні да 605 культурніцкіх дзеячаў).

Мінкульт Польшчы, паводле сцвярджэння АПК, прааналізуе беларускія ініцыятывы ў краіне, іх запыты і праблемы, пасля чаго плануецца на асобнай сустрэчы абмеркаваць “іх больш шырокую падтрымку”.

Акрамя таго, на прапанову Беларускай Рады культуры (БРК) Латушка звярнуўся да міністэрства з просьбай “спрыяць візавай падтрымцы творцаў з Беларусі”.

На сустрэчы палітык заявіў, што ў бытнасць міністрам культуры ён паспрыяў стварэнню музея Чэслава Немана ў Старых Васілішках (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці), аднаўленню Нясвіжскага палаца і Мірскага замка, адкрыццю помнікаў Станіславу Манюшку ў Чэрвені (Мінская вобласць) і Адаму Міцкевічу ў Мінску. 

“Гэта толькі частка спадчыны, якую нам атрымлівалася адраджаць раней. А пасля змены ўлады ў Беларусі паўстане яшчэ больш важных сумесных ініцыятыў, якія аб’ядноўваюць беларусаў і палякаў як еўрапейскія народы”, — сказаў Латушка.

Пасля масавых пратэстаў, якія сталі рэакцыяй на сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары 2020 года і гвалт з боку сілавікоў, сярод іншых пад рэпрэсіі трапіла вялікая колькасць культурніцкіх дзеячаў. Многія звольніліся на знак пратэсту, былі вымушаныя пакінуць краіну. Адзін з найбольш паказальных прыкладаў — трупа Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы, большасць якой падтрымала прыхільнікаў перамен. Цяпер яны складаюць аснову вышэйзгаданай незалежнай трупы, якая працуе за мяжой.

Падзяліцца: