Мінск 01:41

Кіраўнік МЗС Венгрыі Сіярта 29 траўня прыбудзе ў Беларусь

Петэр Сіярта
Архіўнае фота: Hungary Today

28 траўня, Позірк. Міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэр Сіярта 29 траўня здзейсніць працоўны візіт у Беларусь, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

У Мінску пройдуць яго перамовы з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Алейнікам — у вузкім і пашыраным складах.

Кіраўнікі ведамстваў у якасці сустаршыняў правядуць 12-е пасяджэнне міжурадавай беларуска-венгерскай камісіі па эканамічнай супрацы.

“Мяркуецца абмеркаваць шэраг прыкладных гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных пытанняў, — гаворыцца ў паведамленні. — У фокусе працы будуць тэмы ўзаемадзеяння ў сферах энергетыкі, сельскай гаспадаркі, прамысловай кааперацыі, аховы здароўя, фармацэўтыкі, будаўніцтва, спорту, турызму, адукацыі і навукі”.

“Напярэдадні пасяджэння камісіі пройдуць сустрэчы працоўных груп. У рамках візіту таксама запланавана правядзенне бізнес-форуму, які адкрыюць кіраўнікі МЗС Беларусі і Венгрыі”, — адзначае знешнепалітычнае ведамства.

Сіярта наведваў Беларусь у лютым 2023 года, падчас візіту была падпісана гадавая праграма супрацы паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх дзяржаў, якая прадугледжвала “працяг дыялогу, комплекс захадаў па стымуляванні эканамічнага супрацоўніцтва, адукацыйных і культурных абменаў”.

23 кастрычніка таго ж года ён “нечакана прыбыў” у Беларусь на канферэнцыю “Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармаваным свеце”. Тады адбыліся яго сустрэчы з Алейнікам і Аляксандрам Лукашэнкам.

Венгрыя застаецца адзінай краінай Езрасаюза, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Мінскам. Як член ЕС яна была вымушана далучыцца да санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, але прадстаўнікі венгерскіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзенне.

Акрамя таго, Венгрыя — адзіная краіна ЕС, у якую яшчэ не здзяйсняла візіт беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Для падпісчыкаў “Позірк+”:

Магчыма, у Будапешце не хапае разумення, што такое рэжым Лукашэнкі — Вячорка пра адсутнасць запрашэння Ціханоўскай у Венгрыю

13 траўня, Позірк. Пасля візіту на Мальту на пачатку траўня адзінай краінай Еўрапейскага саюза, якую не наведала Святлана Ціханоўская, засталася Венгрыя, урад якой на афіцыйным узроўні супрацоўнічае з беларускімі ўладамі. "Само па сабе запрашэнне Ціханоўскай у сталіцу замежнай дзяржавы — …
Падзяліцца: