Мінск 15:56

На тэрыторыі “Чыжоўка-Арэны” пройдуць вучэнні па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі

Скрыншот: відэаматэрыял прэс-службы МУС

29 траўня, Позірк. Вучэнні па праверцы гатоўнасці дзяржорганаў да “рэагавання і ўзаемадзеяння ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі” пачнуцца ў 11:00 29 траўня на тэрыторыі сталічнага спартыўнага комплексу “Чыжоўка-Арэна”, паведамляюць прэс-службы МУС і МНС.

Трэніроўку праводзіць ГУУС Мінгарвыканкама сумесна з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях і “іншымі дзяржаўнымі органамі”.

“Асноўныя задачы мерапрыемства — падвысіць узровень падрыхтоўкі і зладжанасці дзеянняў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый і здарэнняў у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў. Сцэнарыем вучэнняў прадугледжана задзейнічанне службовай тэхнікі”, — адзначыла ведамства.

Відэаролік, які суправаджае паведамленне, дазваляе зрабіць выснову, што гэтыя вучэнні — свайго роду рэакцыя на сакавіцкі тэракт у “Крокус Сіці Холе” у падмаскоўным Краснагорску (РФ). Змантаваны з архіўных кадраў, ён паказвае, як сілавікі трэніруюцца дзейнічаць пры пранікненні ўзброеных людзей у месца збору грамадзян, пры вызваленні закладнікаў.

Пасля контртэрарыстычных вучэнняў на тэрыторыі мінскага гандлёвага цэнтра Palazzo, якія завяршыліся ў ноч на 19 красавіка, кіраўнік МУС Іван Кубракоў анансаваў на травень “маштабныя вучэнні з прыцягненнем усіх тэрытарыяльных органаў унутраных спраў”.

Тэракт у “Крокус Сіці Холе” адбыўся 22 сакавіка ў 20:00 перад канцэртам гурта “Пікнік”. У зале, якая змяшчае 7.300 гледачоў, сабраліся прыхільнікі гурта, канцэрт не паспеў пачацца. У будынак увайшлі ўзброеныя людзі. У выніку страляніны і пажару, якм ахапіў будынак, загінула сама меней 139 чалавек, пацярпела не менш за 182. У дзень тэракту і пасля ад раненняў трое беларусаў.

Цэнтр грамадскіх сувязей ФСБ РФ заявіў, што чатыры падазроныя затрыманы ў Бранскай вобласці, дзе яны мелі намер перасячы расійска-ўкраінскую мяжу.

26 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці заявіў, што меркаваныя тэрарысты хацелі схавацца ў Беларусі.

Падзяліцца: