Беларусь вернецца да выканання ДЗУСЕ, калі тое ж зробяць краіны НАТО, заяўляе МЗС
29 траўня, Позірк. Прыпыненне дзеяння Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ) з’яўляецца “вымушаным крокам у адказ”, заявіла 29 траўня прэс-служба Міністэрства замежных спраў.
У заяве знешнепалітычнага ведамства сцвярджаецца, што беларускі бок “прыкладаў усе намаганні для захавання дзеючага ДЗУСЕ”, які, на думку Мінска, нягледзячы на ўсе недахопы, заставаўся “адзіным шматбаковым юрыдычна абавязваючым інструментам у галіне кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі на еўрапейскім кантыненце”.
“Рашэнне дзяржаў — членаў НАТО прыпыніць дзеянне ДЗУСЕ не пакінула нам выбару, — адзначыў МЗС. — Прыпыненне Беларуссю дзеяння ДЗУСЕ з’яўляецца вымушаным крокам у адказ, скіраваным на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі краіны на фоне разбурэння існага рэжыму кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі ў Еўропе і эскалацыі ваенна-палітычнай напружанасці ў рэгіёне. Прыняцце закону не азначае выхаду Беларусі з дамовы”.
Ведамства заявіла, што афіцыйны Мінск гатовы аднавіць выкананне дагавора пры ўмове “вяртання да яго выканання дзяржаў — членаў НАТО”, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі ДЗУСЕ.
“Беларусь мае намер працягваць выконваць нацыянальныя ўзроўні ў дачыненні да асабовага складу і звычайных узбраенняў і тэхнікі, якія абмяжоўваюцца дагаворам пры ўмове адэкватнай стрыманасці з боку суседніх дзяржаў, у першую чаргу краін — членаў НАТО, у тым ліку ў непасрэднай блізкасці ад яе межаў”, — гаворыцца ў заяве.
Беларусь, паводле сцвярджэння МЗС, застаецца прыхільнай да кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі як “неад’емнага элемента забеспячэння бяспекі на еўрапейскім кантыненце” і зацікаўленая ў “аднаўленні яго жыццяздольнасці і эфектыўнасці”.
“У сувязі з гэтым Беларусь гатовая да дыялога па гэтым пытанні з усімі зацікаўленымі краінамі на раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове пры ўліку інтарэсаў і заклапочанасцей адзін аднаго”, — гаворыцца ў дакуменце.
29 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны закон № 8-З “Аб прыпыненні дзеяння Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе”, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 траўня.
Адпаведны законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 17 красавіка і ўхвалены Саветам Рэспублікі (СР) 6 траўня.
У практычным плане прыпыненне дзеяння дагавора азначае, што Беларусь не будзе перадаваць інфармацыю пра свае звычайныя ўзбраенні і тэхніку, прымаць і праводзіць інспекцыі па кантролі за выкананнем колькасных абмежаванняў у дачыненні да гэтай зброі.
Намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч, выступаючы ў ніжняй палаце парламента сёлета 17 красавіка, даў зразумець, што Беларусь дэ-факта працягне прытрымлівацца абмежаванняў, прапісаных у ДЗУСЕ, нават у выпадку прыпынення яго дзеяння на нацыянальным узроўні. Разам з тым ён падкрэсліў, што Мінск “адпаведнымі метадамі” будзе прытрымлівацца абмежаванняў “у рамках сістэмы Міністэрства абароны” толькі “пры ўмове стрыманасці з боку <…> суседзяў”.
“Даведачна скажу, што існыя парогавыя абмежаванні, прапісаныя ў ДЗУСЕ, значна пераўзыходзяць тыя памеры нашых Узброеных сіл, якія маюцца ў прыродзе”, — адзначыў чыноўнік.
Падпісаны 19 лістапада 1990 года ў Парыжы Дагавор аб звычайных узброеных сілах у Еўропе вызначыў гранічна дапушчальную колькасць звычайных узбраенняў і тэхнікі для шэрагу краін НАТО і Арганізацыі Варшаўскага дагавора, а таксама механізмы праверкі выканання абавязацельстваў — абмен інфармацыяй і інспекцыі. Пасля распаду СССР яго квоты часткова размеркавалі паміж сабой восем былых саюзных рэспублік.
Беларусь, якая ратыфікавала ДЗУСЕ 21 кастрычніка 1992 года, абавязалася мець не больш за 1.800 танкаў, 2.800 баявых бронемашын, 1.615 артылерыйскіх сістэм, 294 баявыя самалёты і 80 ударных верталётаў. Рэальна ж падобны патэнцыял яна ніколі не мела.
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаШосты дзень запар актыўнасць нелегальных мігрантаў фіксуецца толькі на польскім напрамкуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаКолькасць вакансій у Беларусі вырасла за год амаль на 20% — ЕЭК (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка