Мінск 15:46

Вярхоўны суд пакінуў без змен вырак Марчанку, асуджанаму за супрацу з “Белсатам”

Фота: старонка Марчанкі ў "Фэйсбуку"

4 чэрвеня, Позірк. Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу на вырак 63-гадоваму Алесю Марчанку, які быў асуджаны паводле абвінавачання ў супрацы з тэлеканалам “Белсат” (у Беларусі прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”).

Згодна з інфармацыяй Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), разгляд адбыўся 4 чэрвеня. Суддзя Аляксей Хлышчанкоў пакінуў прыгавор без змен.

2 красавіка Святлана Макарэвіч з Мінскага гарадскога суда прыгаварыла Марчанку да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 3 арт. 3611 КК (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).

Алесь (Аляксандр) Марчанка быў затрыманы 19 кастрычніка 2023 года. Двойчы яго арыштоўвалі на 15 сутак (другі раз паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП — “распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць”). За час адміністрыцыйнага арышту сілавікі знайшлі падставы для крымінальнага пераследу.

28 сакавіка 2024 года праваабаронцы прызналі Марчанку палітвязнем.

Да разгляду апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе мужчыну перавялі з мінскага следчага ізалятара ў СІЗА пры магілёўскай турме № 4.

Паводле інфармацыі БАЖ, сёння за кратамі знаходзяцца 38 супрацоўнікаў медыя.

Падзяліцца: