Мінск 05:01

Лукашэнка заклікаў датчан “байкатаваць нелегітымныя абмежаванні”, якія “не маюць сэнсу”

Фота: "Позірк"

5 чэрвеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Даніі з Днём Канстытуцыі, якой сёлета спаўняецца 175 гадоў.

Як паведамляе ягоная прэс-служба, віншавальнік адзначыў, што беларусы, як і дацкі народ, “адказна ставяцца да закона, што вызначае не толькі правы, але і абавязкі”.

“Лічым, такія ж падыходы датычацца і міжнародных пагадненняў, якія ствараюць неабходную аснову і гарантыі бяспекі для сусветнай супольнасці”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён заклікаў датчан “падтрымаць беларускія мірныя ініцыятывы”, а таксама “забяспечыць выкананне дасягнутых дамоўленасцяў і байкатаваць аднабаковыя нелегітымныя абмежаванні, якія не маюць ніякага сэнсу, а толькі руйнуюць давер і павагу”.

Паводле слоў Лукашэнкі, беларусы “будуць заўсёды адкрытыя для раўнапраўнага канструктыўнага ўзаемадзеяння з датчанамі ў інтарэсах захавання бяспекі і ўстойлівага развіцця агульнай еўрапейскай прасторы”.

Данія ўваходзіць у складзены ўрадам Беларусі спіс “недружалюбных краін”, у дачыненні да якіх дзейнічае шэраг абмежаванняў.

8-10 кастрычніка 2023 года гэта скандынаўская дзяржава наведала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, дзе сустрэлася з міністрам замежных спраў Ларсам Локе Расмусэнам, членамі парламента.

Падчас сустрэч, як паведамляў тады галоўны яе дарадца Франак Вячорка, абмяркоўваліся “магчымасці прыцягнення рэжыму да адказнасці за вываз украінскіх дзяцей у Беларусі, а таксама за злачынствы супраць чалавечнасці, катаванні і адвольныя арышты”. Ціханоўская прапанавала міністру звярнуцца да пракурора Міжнароднага крымінальнага суда, каб пачаць расследаванне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі.

Падзяліцца: