Мінск 02:27

За травень палітычнымі зняволенымі прызнана 46 чалавек

Партрэты беларускіх палітвязняў у цэнтры Варшавы (19 траўня).
Фота: "Вясна"

5 чэрвеня, Позірк. За травень праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі 46 чалавек, гаворыцца ў аглядзе праваабарончага цэнтру “Вясна” аб сітуацыі з правамі чалавека ў мінулым месяцы.

На канец траўня 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 1.410 палітычных зняволеных, з іх — 173 жанчыны.

Працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да людзей за рэалізацыю імі грамадзянскіх правоў: у траўні арганізацыі стала вядома пра не менш за 361 выпадак рэпрэсій (судоў і затрыманняў), звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам. Суддзямі прызначана не менш за 46 адміністрацыйных арыштаў і 45 штрафаў.

У траўні, паводле папярэдніх звестак, па палітычных матывах асуджаны не менш як 161 чалавек, у тым ліку 50 жанчын.

Па стане на 31 траўня вядома пра як мінімум 5.133 асуджаныя па палітычна матываваных крымінальных справах.

Праваабаронцы за месяц запатрабавалі рэабілітацыі 26 чалавек, якія на момант знаходжання ў месцах пазбаўлення волі, пад вартай, хатнім арыштам адпавядалі крытэрам прызнання палітвязнямі — інфармацыя аб іх пераследзе з’явілася толькі пасля іх вызвалення.

У траўні не менш як 28 палітвязняў цалкам адбылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі і выйшлі на волю. Таксама не менш як адзін палітвязень быў вызвалены з-пад варты ў сувязі з прызначэннем пакарання ў выглядзе абмежавання волі.

З траўня 2020 года вызвалілася больш за 1.900 палітвязняў, з іх 1.012 выйшлі на волю з калоній, поўнасцю адбыўшы свае тэрміны пазбаўлення волі, гаворыцца ў аглядзе.

Усяго на дадзены момант вядома пра восем палітвязняў, якія ўтрымліваюцца працяглы час у рэжыме інкамунікада: Паліна Шарэнда-Панасюк, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Уладзімір Гундар, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак і Ігар Лосік.

У маі таксама стала вядома, што абвінавачанні ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК) прад’яўлены Івану Вярбіцкаму, Дзмітрыю Дашкевічу і Дзмітрыю Разановічу. Усяго вядома пра як мінімум 114 палітвязняў, якія сутыкнуліся з такімі абвінавачваннямі, якія выкарыстоўваюцца ўладамі для адвольнага падаўжэння тэрміна зняволення.

Па стане на 27 траўня 2024 года праваабаронцам вядома не менш чым пра 254 палітвязні, якія знаходзяцца за кратамі ў стане асаблівай рызыкі. Сярод іх 16 чалавек з інваліднасцю, 91 — у цяжкім стане здароўя, 65 — пажылых людзей (старэйшыя за 60 гадоў), многія з іх таксама маюць вялікія праблемы са здароўем, а таксама дзесяць чалавек з ментальнымі разладамі. 23 маладыя чалавекі былі затрыманыя непаўналетнімі; сярод палітвязняў — 40 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум аб пяці сем’ях, дзе абодва бацькі знаходзяцца ў зняволенні.

Улады працягваюць прызнаваць прадэмакратычныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці экстрэмісцкімі фармаваннямі, адзначаюць праваабаронцы. У траўні такімі былі прызнаныя ініцыятывы “Урачы за праўду і справядлівасць” і “FreeInfoBel”.

“Маштабуецца” завочны крымінальны пераслед у рамках спецыяльнай вытворчасці, на дадзены момант спецвытворчасць узбуджана ў дачыненні да 106 чалавек.

За травень МУС і КДБ у суме вынеслі 17 рашэнняў аб “прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем і забароне яго дзейнасці” (за ўвесь 2023-ы было вынесена 62 рашэнні). Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкай дзейнасці”, за месяц папоўніўся на 107 чалавек.

Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які вядзецца Міністэрствам інфармацыі, папоўніўся на 65 рашэнняў судоў, якія ўключаюць ад адной да сямі адзінак інфармацыйнай прадукцыі.

Падзяліцца: