Мінск 11:47

МЗС папракнуў Польшчу ў “залішняй палітызацыі” гібелі вайскоўца, параненага на мяжы з Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: tochka.by

7 чэрвеня, Позірк. У “залішняй палітызацыі цалкам канкрэтнага пытання” папракнуў Варшаву прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, каментуючы ўручаную Мінску ноту польскага знешнепалітычнага ведамства з заклікам расследаваць інцыдэнт на мяжы, які пасля прывёў да гібелі вайскоўца.

Дзеянні Польшчы ён назваў “спробай апраўдацца перад уласнай грамадскай думкай і перакласці адказнасць”. “Тым больш за апошні час гэта, на жаль, далёка не адзінкавы выпадак гібелі польскіх вайскоўцаў на мяжы, аднак пра гэта кіраўніцтва Польшчы нечаму так публічна не ўзгадвае”, — заявіў Глаз.

Паводле яго слоў, “польскі бок некалькі гадоў таму ініцыятыўна і даволі гучна разарваў узаемадзеянне з Беларуссю ў праваахоўнай сферы, спыніў кантакты па пытаннях прававой дапамогі, дыялог па лініі памежных упаўнаважаных”.

Беларусь, сцвярджае ён, адкрытая да “ўзаемапаважлівага дыялогу” і гатовая дя “аднаўлення ўзаемадзеяння ў праваахоўнай сферы”. “Аднак гэтая вуліца, як вядома, з двухбаковым рухам. Таму аднаўляць такое ўзаемадзеянне можна толькі ў поўным аб’ёме”, — падкрэсліў Глаз.

Дзяржаўны пагранічны камітэт заявіў 7 чэрвеня пра гатоўнасць правесці “як аднабаковае, так і двухбаковае” расследаванне інцыдэнту, звязанага з гібеллю польскага вайскоўца пасля ранення напрыканцы траўня на мяжы з Беларуссю.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, гэта магчыма “ў выпадку атрымання канкрэтных звестак пра абставіны трагедыі”.

Разам з тым у заяве Дзяржпагранкамітэта адзначана, што “па лініі пагранпрадстаўніцкай дзейнасці” на яго адрас “змястоўных зыходных звестак і неабходнай інфармацыі пра тое, што адбылося, не паступіла”.

Вайскоўца 1-й танкавай брыгады, паводле даных Памежнай аховы Польшчы, 28 траўня параніў нажом мігрант, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна трапіць у краіну з беларускай тэрыторыі. 6 чэрвеня стала вядома, што ён памёр у бальніцы.

У дзень смерці салдата МЗС Польшчы ўручыў часоваму паверанаму ў справах Беларусі Аляксею Панкраценку ноту пратэсту з “рашучым патрабаваннем спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы і арганізацыю міграцыйных плыняў”. Варшава таксама запатрабавала ад Мінска “высветліць асобу і выдаць падазронага ў забойстве польскага грамадзяніна”.

Дэмсілы ўсклалі адказнасць за гібель вайскоўца на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

28 траўня, за некалькі гадзін да ранення салдата, замежнікі напалі на польскіх памежнікаў. Яшчэ некалькі нападаў было зафіксавана напрыканцы траўня і на пачатку чэрвеня.

На фоне гэтых здарэнняў Польшча скіравала на мяжу дадатковыя сілы. 29 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра планы аднавіць 200-метровую буферную зону ля мяжы з Беларуссю. Меркавалася, што яе вернуць 4 чэрвеня, але пасля было заяўлена, што спачатку гэтае пытанне абмяркуюць з мясцовымі ўладамі.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда склікаў на 10 чэрвеня пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі ў сувязі з сітуацыяй на мяжы з Беларуссю.

Падзяліцца: