Мінск 13:37

Ад пачатку года 60 чалавек пацярпела ў аварыях з маршруткамі

Скрыншот: відэаматэрыял прэс-службы МУС

8 чэрвеня, Позірк. Ад пачатку 2024 года ў Беларусі адбылося 32 дарожна-транспартныя здарэнні з маршрутнымі мікрааўтобусамі, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка галоўнага ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Ганну Банадык.

Паводле яе інфармацыі, у выніку гэтых аварый было траўмавана 60 чалавек, загінулых няма.

На гэтым фоне ДАІ 7–19 чэрвеня праводзіць “прафілактычныя мерапрыемствы, скіраваныя на падвышэнне бяспекі перавозак пасажыраў” маршрутак.

“Нарады дарожна-патрульнай службы па ўсёй краіне ўзмоцнена кантралююць выкананне кіроўцамі правіл дарожнага руху і перавозкі пасажыраў гарадскіх, прыгарадных і міжгародніх маршрутаў, — сказала Банадык. — Не застанецца без увагі і тэхнічны стан мікрааўтобусаў. У выпадку выяўлення грубых парушэнняў, у тым ліку звязаных з парадкам допуску кіроўцаў і транспарту да ўдзелу ў дарожным руху, да адміністрацыйнай адказнасці будуць прыцягнутыя кіраўнікі арганізацый, якія выконвалі перавозку”.

Акрамя таго, паводле яе слоў, супрацоўнікі ДАІ пракантралююць “выкананне правіл кіроўцамі і пешаходамі ў месцах масавага адпачынку грамадзян”. “Каб пазбегнуць стыхійных парковак, нададуць увагу выкананню правіл спынення і стаянкі, бяспечнаму перамяшчэнню пешаходаў і раварыстаў, а таксама іх фізічнаму стану”, — патлумачыла прадстаўнік ведамства.

4 чэрвеня ў Бабруйскім раёне (Магілёўская вобласць) пацярпела 13 пасажыраў маршруткі, 6 красавіка ў Мастоўскім раёне (Гродзенская вобласць) — 10. У абодвух выпадках мікрааўтобусы сутыкнуліся з трактарамі.

20 лютага 2023 года адбылося лабавое сутыкненне грузавога аўтамабіля “МАЗ” з маршруткай на 9-м км аўтадарогі Р-69 (Смалявічы — Шацк), у выніку чаго загінула 13 чалавек. Сярод іх былі дзеці 13 і 14 год. Сямёра тых, хто выжыў, атрымалі цяжкія траўмы.

Кіроўца, прызнаны вінаватым у аварыі, прыгавораны да 7 гадоў зняволення, інжынер аўтапарка, абвінавачаны ў допуску грузавіка без належнага кантролю, — да 2 гадоў пазбаўлення ў калоніі-пасяленні.

Пасля таго ДТЗ транспартная інспекцыя Мінтранса і Дзяржаўтаінспекцыя пачалі правяраць выкананне ў маршрутных таксі правіл перавозкі і бяспекі пасажыраў. Пазней кіраўнік МУС Іван Кубракоў заявіў, што ў дзейнасці перавозчыкаў выяўленыя “пэўныя парушэнні”, у сувязі з чым міністэрства ініцыявала змены правіл перавозкі пасажыраў.

Падзяліцца: