Мінск 06:48

Рассельгаснагляд: Пастаўкі курыных яек з Беларусі ў РФ выраслі ў 2,5 разы

Крыніца: pixabay.com

18 чэрвеня, Позірк. З пачатку 2024 года з Беларусі ў Расію было пастаўлена 332,6 млн штук курыных яек, што ў 2,5 раза больш за паказчык за аналагічны перыяд мінулага года, паведаміла 17 чэрвеня Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ (Рассельгаснагляд).

У 2023 годзе з Беларусі ў Расію за названы перыяд было пастаўлена 130,3 млн штук, удакладняецца ў рэлізе.

Акрамя Беларусі яйкі ў РФ пастаўлялі таксама Азербайджан (на 17 чэрвеня з пачатку паставак харчовых яек з гэтай краіны было ўвезена 47,7 млн штук) і Турцыя (пастаўлена 35,2 млн штук).

11 сакавіка Рассельгаснагляд заяўляў, што “з пачатку 2024 года пастаўкі курыных яек з Беларусі ў Расію выраслі ў 2,7 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года і склалі 148 млн штук”.

У 2023 годзе ў Расію было пастаўлена 510,8 млн. курыных яек беларускай вытворчасці.

Па выніках чатырох месяцаў 2024 года Беларусь заняла першае месца ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) па дынаміцы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў гадавым вымярэнні (да студзеня — красавіка 2023-га), сведчыць праведзенае “Позіркам” параўнанне даных дэпартамента статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) .

У вытворчасці яек у аб’яднанні адзначана падзенне на 0, 8%. У Беларусі, Кыргызстане і Казахстане яно вырасла на 19% (1 млрд. 202 млн шт.), 0,7% (218,5 млн. шт.) і 0,8% (1 млрд 446,2 млн шт.) адпаведна; у Расіі знізілася на 2,4% (14 млрд 651,6 млн шт.).

Падзяліцца: