Мінск 09:30

Па Беларусі прайшоў навальнічны фронт, у Зэльвенскім раёне дрэва забіла жанчыну

Скрыншот: СК

20 чэрвеня, Позірк. Увечары 19 чэрвеня на Зэльвенскім вадасховішчы (Гродзенская вобласць) падчас непагадзі парывам ветру паваліла дрэва — яно прыціснула 43-гадовую жыхарку Ваўкавыскага раёна, жанчына загінула, паведамляе Следчы камітэт.

Паводле папярэдняй інфармацыі, удакладняе ведамства, загінулая разам з мужам і дзецьмі прыехалі адпачыць на вадаём: “Калі пачаўся шквалісты вецер, усе члены сям’і паспяшаліся сабраць рэчы. Дзеці схаваліся ў палатку, у гэты момант адно з дрэў абрынулася проста на жанчыну. Ад атрыманых траўмаў яна памерла, муж і дзеці не пацярпелі”.

Абставіны здарэння высвятляюцца Зэльвенскім раённым аддзелам СК.

Як паведамляе МНС, у выніку праходжання навальнічнага фронту з парывамі ветру да 22 м/с у Беларусі пацярпелі 6 населеных пунктаў у 2 раёнах (Зэльвенскі і Слонімскі) Гродзенскай вобласці. Пашкоджаныя дахі 47 жылых дамоў, 2 аб’ектаў сацкультбыту і 4 сельскагаспадарчых будынкаў.

Зафіксаваныя 73 выпадкі падзення дрэў у Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай абласцях і Мінску. Паваленымі дрэвамі пашкоджаныя 5 аўтамабіляў у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

У Мінску праз моцны дождж былі падтопленыя два ўчасткі дарог, зафіксаваная затрымка ў руху шасці тралейбусных і аднаго аўтобуснага маршрутаў.

МНС, спасылаючыся на Беларускую чыгунку, паведамляе таксама, што ў выніку падзення дрэў на чыгуначныя шляхі зафіксаваная затрымка ў руху 26 пасажырскіх цягнікоў у Віцебскай (5), Гродзенскай (1) і Мінскай (20) абласцях, яна склала да 2 гадзін 28 хвілін.

Паводле даных ДВА “Белэнерга” на працягу сутак на тэрыторыі Беларусі перыядычна парушалася электразабеспячэнне 571 населенага пункта (Брэсцкая вобласць — 4, Віцебская — 147, Гомельская — 2, Гродзенская — 91, Мінская — 324, Магілёўская — 3), 28 сельскагаспадарчых будынкаў і 1.979 трансфарматарных падстанцый.

На 06 гадзін 20 чэрвеня без электразабеспячэння заставаліся 84 населеныя пункты (Віцебская — 1, Гродзенская — 11, Мінская — 72), 7 сельскагаспадарчых будынкаў і 325 трансфарматарных падстанцый.

20 чэрвеня ў многіх раёнах Беларусі зноў чакаецца ўзмацненне паўночна-заходняга ветру, з парывамі да 15–20 м/с, ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі краіны — навальніцы, па паўднёва-ўсходняй палове — моцныя дажджы, паведамілі ў Белгідрамеце.

Падзяліцца: