Мінск 16:21

У Беларусі для сачэння за асуджанымі дазволілі выкарыстоўваць беспілотнікі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

22 чэрвеня, Позірк. Пералікі тэхнічных сродкаў, якія супрацоўнікі пенітэнцыярных устаноў могуць выкарыстоўваць для “нагляду і кантролю” за асуджанымі, зацверджаныя пастановай Міністэрства ўнутраных спраў № 176 ад 6 чэрвеня. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 22 чэрвеня.

У першым пераліку вызначаныя сродкі, якія персанал папраўчых устаноў адкрытага тыпу (ПУАТ) мае права прымяняць для прадухілення правапарушэнняў, злачынстваў, парушэнняў парадку адбывання пакарання, а таксама “для атрымання неабходнай інфармацыі пра паводзіны асуджаных”.

Гаворка пра сродкі выяўлення, сістэмы ахоўна-трывожнай сігналізацыі, кантролю і кіравання доступам, біяметрычнай ідэнтыфікацыі, відэаназірання, аператыўна-дыспетчарскай і гучнагаварыцельнай сувязі, персанальных відэарэгістратарах. Акрамя таго, супрацоўнікі ПУАТ могуць прымяняць сродкі персанальнага кантролю (электронны бранзалет, стацыянарную кантрольную прыладу, мабільную кантрольную прыладу з праграмным забеспячэннем), сродкі аўдыёзапісу, а таксама прыборы для надглядаў і вобшукаў.

У другім спісе пералічаныя сродкі “нагляду і кантролю”, якія адміністрацыі папраўчых устаноў могуць выкарыстоўваць “для прадухілення ўцёкаў і іншых злачынстваў, парушэнняў вызначанага парадку адбывання пакарання, а таксама атрымання неабходнай інфармацыі пра паводзіны асуджаных”.

Сярод іх інтэграваная сістэма бяспекі, сродкі выяўлення, сістэмы ахоўна-трывожнай сігналізацыі, кантролю і кіравання доступам, біяметрычнай ідэнтыфікацыі, відэаназірання, аператыўна-дыспетчарскай і гучнагаварыцельнай сувязі, персанальныя відэарэгістратары, сродкі аўдыёзапісу, прыборы для правядзення надглядаў і вобшукаў.

Акрамя гэтага персанал папраўчых устаноў атрымаў права выкарыстоўваць беспілотныя лятучыя апараты, а таксама сродкі пераўтварэння і падаўлення сігналаў сотавай сеткі сувязі і беспілотнікаў.

Падзяліцца: