Мінск 00:24

Мінабароны: Любы лятальны апарат, які парушыў мяжу, будзе знішчаны

Скрыншот: тэлеграм-канал Мінабароны

23 чэрвеня, Позірк. Любы лятальны апарат, які парушыў дзяржаўную мяжу Беларусі, будзе знішчаны, заявіў прадстаўнік Міністэрства абароны 23 чэрвеня ў ведамасным тэлеграм-канале.

Спікера прадставілі ў тытрах відэа як “начальніка штаба — першага намесніка камандзіра дывізіёна”, прозвішча засталося не названым, твар вайскоўца хавала маска.

Ён паведаміў, што ў рамках праверкі боегатоўнасці Узброеных сіл адно з падраздзяленняў зенітна-ракетных войскаў атрымала задачу заступіць на баявое дзяжурства па ахове паветранай прасторы Беларусі.

22 чэрвеня Мінабароны паведамляла, што “падраздзяленне зенітнай ракетнай брыгады ўтойліва вылучылася ў прызначаны раён і заступіла на баявое дзяжурства”.

“Здзейсніўшы марш працягласцю каля 250 кіламетраў, вайскоўцы адпрацавалі пытанні заняцця стартавых пазіцый на непадрыхтаванай мясцовасці, аховы і абароны ваеннай тэхнікі, процідзеяння дыверсійна-разведвальным групам умоўнага праціўніка”, — адзначалася ў заяве.

Праверка беларускіх войскаў пачалася 21 чэрвеня ў 9:00, манеўры пройдуць на палігонах і участках мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

20 чэрвеня Дзяржаўны памежны камітэт заявіў, што Украіна канцэнтруе цяжкае ўзбраенне на мяжы з Беларуссю.

Праверку беларускай арміі Кіеў назваў актывізацыяй інфармацыйнай кампаніі па нагнятанні напружанасці на мяжы. Як заявіў Цэнтр процідзеяння дэзінфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, “вораг спрабуе чарговым разам разыграць карту “пагрозы з Беларусі”, але гэтая пагроза “з’яўляецца больш інфармацыйнай, чым вайсковай”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: