Мінск 02:53

Народ Беларусі павінен пачаць перамовы аб уступленні ў ЕС пасля “вызвалення ад акупацыі” — Зяленскі

Ілюстратыўнае фота: сайт Уладзіміра Зяленскага

27 чэрвеня, Позірк. Беларускі народ пасля вызвалення ад расійскай “дэ-факта акупацыі” павінен пачаць перамовы аб уступленні краіны ў Еўрасаюз, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на саміце ЕС у Бруселі 27 чэрвеня.

Паводле інфармацыі выдання “Еўрапейская праўда”, Зяленскі падзякаваў еўрапейскім партнёрам за пачатак перамоў аб уступленні Украіны ў ЕС і выказаў упэўненасць, што ў свой час “будзе аналагічнае рашэнне па Беларусі, паколькі гэта еўрапейская нацыя, якая павінна мець еўрапейскую будучыню”.

Выступаючы 11 чэрвеня ў Берліне на міжнароднай канферэнцыі па аднаўленні Украіны, Зяленскі таксама заявіў, што настане час, калі Беларусь будзе свабоднай краінай і часткай еўрапейскай супольнасці.

За будучыню Беларусі ў Еўрапейскім саюзе ён таксама выказаўся 9 траўня ў Кіеве на сумеснай прэс-канферэнцыі са старшынёй Еўрапарламента Робертай Метсала.

У сакавіку гэтага года ў эфіры праграмы Cinque minuti на італьянскім тэлеканале Rai прэзідэнт Украіны заявіў, што “сілавым блокам і войскамі на тэрыторыі Беларусі поўнасцю кіруе” Уладзімір Пуцін.

Паводле яго слоў, РФ здзейсніла “дыпламатычную акупацыю” Беларусі, у выніку якой незалежная краіна страціла суверэнітэт. Вынікам гэтага стала поўнамаштабнае ўварванне расійскай арміі ва Украіну 24 лютага 2022 года ў тым ліку з беларускай тэрыторыі, зазначыў Зяленскі.

Улады ў Мінску і асабіста Аляксандр Лукашэнка адкрыта падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны, на пачатковым этапе вайны войскі РФ вялікімі сіламі заходзілі ў гэтую краіну і абстрэльвалі яе гарады ракетамі з тэрыторыі Беларусі.

Падзяліцца: