Мінск 07:55

Ідэолаг сіл спецаперацый абвінаваціў Украіну ў намеры ўчыніць тэракты ў Беларусі

Ідэолаг ССА Вадзім Лукашэвіч
Фота: прэс-служба Мінабароны

29 чэрвеня, Позірк. Напружанасць на беларуска-ўкраінскай мяжы нарастае, заявіў 29 чэрвеня намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый (ССА) па ідэалагічнай працы Вадзім Лукашэвіч.

“Мы маем інфармацыю пра тое, што Украіна сцягвае да нашых межаў войскі, узбраенне, вайсковую тэхніку, — цытуе яго прэс-служба Міністэрства абароны. — У прыватнасці, у Жытомірскай вобласці размешчаны амерыканскія баявыя машыны пяхоты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, цяжкая дальнабойная артылерыя ды іншая тэхніка”.

Лукашэвіч заявіў, што ва Узброеных сіл Украіны (УСУ) “не ўсё добра на фронце”, аднак, “нягледзячы на вялізныя страты, недахоп тэхнікі”, да межаў Беларусі сцягваюць “вялікую колькасць асабовага складу”.

“Вайскоўцы УСУ стала займаюцца піярам таго, што нібыта будуюць абарончыя пазіцыі, будуюць абарончыя збудаванні, мінна-выбухныя загароды на нашай мяжы, — сказаў ідэолаг ССА. — Пры гэтым спрабуюць паказаць усім, што яны нібыта рыхтуюцца абараняцца. Але мы дакладна ведаем, што ў шэрагу мінна-выбухных загарод маюцца праходы, яны іх абсталявалі. З якой мэтай, дзеля чаго яны гэта зрабілі? Напэўна, каб у далейшым праз гэтыя праходы была магчымасць трапіць на нашу тэрыторыю дыверсійна-выведвальным групам праціўніка, рэйдавым атрадам, каб на нашай беларускай зямлі правесці дыверсіі, тэрарыстычныя акты”.

Паводле слоў Лукашэвіча, перад падраздзяленнямі ССА стаіць задача “весці пошукавыя дзеянні, а ў выпадку выяўлення дыверсійна-выведвальных груп праціўніка блакаваць і знішчыць іх”.

Вайскоўцы сіл спецаперацый таксама “нясуць службу на блокпастах, прыкрываюць падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі, знаходзяцца ў сталай гатоўнасці да аператыўнага рэагавання, вылучэння, пры неабходнасці, у раёны засадных дзеянняў на вызначаныя рубяжы”.

Лукашэвіч паўтарыў прапагандысцкі наратыў пра тое, што “гарачы канфлікт” побач з Беларуссю развязаны “кааліцыяй заходніх краін”, якая “прадпрымае спробы ўцягнуць” беларускую дзяржаву ў вайну.

Начальнік Генштаба — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка заявіў, што ваеннае кіраўніцтва Беларусі назірае “перамяшчэнне войскаў” Украіны, “перыядычныя палёты беспілотнікаў тыпу “Байрактар” паблізу мяжы.

“Мы сутыкаемся з правакацыямі па дзеяннях беспілотнай авіяцыі на тактычным узроўні, якая парушае нашую дзяржаўную мяжу. Мы бачым, што адбываецца мінаванне і нарошчванне інжынерных загарод”, — цытуе чыноўніка прэс-служба Мінабароны.

“Калі пакуль відавочных правакацый — магутных, рэзанансных — не адбылося, то гэта толькі дзякуючы таму разумнаму глузду, які маецца на ўсіх узроўнях камунікацыі і ўзаемадзеяння. Гэта і палітычныя дасягненні, гэта і памежнае ўзаемадзеянне, гэта і дзеянні нашых падраздзяленняў, у тым ліку паблізу мяжы. Але рэальныя выклікі, умовы для таго, каб зрабіць нейкія маніпуляцыі, сёння выразна праглядаюцца. Мы гэта бачым, і мы трымаем руку на пульсе”, — заявіў ён.

Адметна, што на фоне абвастрэння сітуацыі на мяжы Украіна змагла дабіцца вызвалення пяці сваіх грамадзян, якія ў Беларусі былі ўзяты пад варту або асуджаныя ў рамках палітычна матываваных спраў.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, якая з’яўляецца найбуйнейшым ваенным канфліктам у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Беларускія ўлады далі арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

На цяперашнім этапе рэжым Лукашэнкі ўцягнуты ў працэс перамяшчэння дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Акрамя таго, абмяркоўваецца магчымасць рэабілітацыі ў Беларусі пацярпелых на ўкраінскай тэрыторыі расіян.

Падзяліцца: