Мінск 21:37

Ізраіль мяняе правілы бязвізавага ўезду замежнікаў — уводзіцца спецыяльны дазвол за асобную плату

Тэль-Авіў
Крыніца: unsplash.com

30 чэрвеня, Позірк. Улады Ізраіля ўнеслі змены ў правілы бязвізавага ўезду ў краіну замежнікаў, у тым ліку беларускіх грамадзян.

Як паведамляе амбасада Беларусі ў гэтай дзяржаве, з 1 жніўня наведванне па бязвізе будзе магчымае толькі з дазволу Упраўлення па справах рэгістрацыі насельніцтва і іміграцыі Ізраіля (ETA-IL).

Заяву ў ETA-IL на атрыманне такога дазволу можна падаваць ужо ў ліпені, які ў паведамленні дыпмісіі названы “тэставым перыядам”. На працягу гэтага месяца плата за разгляд спаганяцца не будзе.

З 1 жніўня за заяву трэба будзе заплаціць 25 шэкеляў (каля 6,25 еўра).

Адзначаецца, што дазвол ETA-IL будзе дзейнічаць “на працягу двух гадоў або да даты заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта — у залежнасці ад таго, што наступіць раней”.

Гаворка ідзе аб кароткатэрміновых паездках у Ізраіль — турыстычных, гасцявых і дзелавых.

Бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Ізраілем дзейнічае з 2015 года.

Грамадзянам Беларусі можна знаходзіцца ў гэтай краіне без візы на працягу 90 дзён у кожны 180-дзённы перыяд.

Падзяліцца: