Мінск 15:47

Доллар, еўра і юань падаражэлі на першых ліпеньскіх таргах

Ілюстрацыйнае фота: Omid Armin / unsplash.com

1 ліпеня, Позірк. Амерыканская, агульная еўрапейская, а таксама кітайская валюты падаражэлі на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 1 ліпеня.

Курс долара вырас да 3,1878 рубля (+0,0216, +0,68%), юаня — да 4,359 за 10 (+0,0332, +0,72%), еўра — да 3,4131 (+0,044, +0,13%).

Расійскі рубель патаннеў да 3,6615 за 100 (-0,0086, -0,23%).

На мінулым тыдні (24–28 чэрвеня) каціроўка долара знізілася на 1,84% (з 3,2257 да 3,1662), юаня — на 2,9% (з 4,4548 да 4,3258 за 10), еўра — на 1,2% (з 3,4482 да 3,4069); курс расійскага рубля вырас на 0,66% (з 3,6459 да 3,6701 за 100).

Нацыянальны банк мае намер працягваць рэалізацыю грашова-крэдытнай палітыкі ў рэжыме манетарнага таргетавання, заявіў старшыня праўлення рэгулятара Павел Калаур 20 чэрвеня на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат парламента.

“З мэтай забеспячэння ў 2023 годзе ўстойлівага функцыянавання валютнага і дэпазітнага рынкаў Нацбанк прадоўжыў правядзенне курсавой палітыкі ў рэжыме плаваючага курса”, — сказаў ён.

Афіцыйны курс долара ў Беларусі ў студзені знізіўся на 0,01% (з 3,1775 да 3,1771 рубля) — гэта быў шосты паказчык на тэрыторыі былога СССР; у лютым — вырас на 1,95% (да 3,2391) — другое месца пасля Расіі (+2,89%), за два месяцы — на 1,94% (шостае месца); у сакавіку — на 0,33% (да 3,2498) — пятае месца, за тры месяцы — на 2,28% (трэцяе); у красавіку — на 0,14% (3,2542) — шостае месца, за чатыры месяцы — на 2,41%; у траўні знізіўся на 1,48% (3,2059) — трэцяе месца, за пяць месяцаў вырас на 0,89% (восьмае). Па выніках першага паўгоддзя ён знізіўся на 0,48% (з 3,1775 да 3,1624 рублі).

За 2023 год каціроўка долара павялічылася на 16,12% (з 2,7364 да 3,1775 рубля). Гэта другі паказчык на постсавецкай прасторы, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз каціровак цэнтрабанкаў на 31 снежня 2022 года і 31 снежня 2023-га. На першым месцы Расія — 27,51% (з 70,3375 да 89,6883 рубля).

Падзяліцца:
be