Мінск 14:31

Суд у Бостане прызнаў грамадзяніна Беларусі і ЗША вінаватым у незаконнай пастаўцы адмысловага абсталявання ў РФ

Ілюстрацыя: Tingey Injury Law Firm / unsplash.com

24 верасня, Позірк. Федэральны суд прысяжных у Бостане 22 верасня прызнаў 37-гадовага Кірыла Гардзея з беларускім і амерыканскім грамадзянствам вінаватым у незаконнай пастаўцы адмысловага абсталявання са Злучаных Штатаў Амерыкі ў Расію, вынікае з паведамлення пракуратуры ЗША па акрузе Масачусетс.

Паводле інфармацыі ведамства, мужчына “прызнаны вінаватым паводле аднаго пункта абвінавачання ў змове з мэтай здзяйснення злачынстваў супраць ЗША, аднаго пункта абвінавачання ў кантрабандзе тавараў з ЗША і аднаго пункта абвінавачання ў экспарце спектрометра, які з’яўляецца таварам, што трапляе пад экспартны кантроль”. Вынясенне прыгавору прызначанае на 12 студзеня 2027 года.

Пракуратура адзначае, што Гардзей — прэзідэнт транспартна-экспедытарскай кампаніі Apelsin Logistics (штат Фларыда), якая таксама мае адрас у Расіі і два сайты, зарэгістраваныя і размешчаныя ў РФ.

Заяўлена, што ў жніўні 2023 года мужчына, парушыўшы ліцэнзійныя патрабаванні, садзейнічаў экспарту з ЗША ў Расію праз Турцыю “мас-спектрометра Orbitrap Exploris GC 240 — прыбора, які забяспечвае высокую якасць даных <…> і дазваляе паскорыць навуковыя даследаванні ў акадэмічных, прамысловых, дзяржаўных і омікс-лабараторыях”.

Нагадваецца, што пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну 24 лютага 2022 года “быў уведзены шэраг жорсткіх мер экспартнага кантролю, якія абмяжоўваюць доступ Расіі да тэхналогій ды іншых тавараў, неабходных ёй для працягу нападу на Украіну”. Пасля “ліцэнзійныя патрабаванні да экспарту, рээкспарту і перадачы тавараў у РФ <…> былі пашыраныя і сталі распаўсюджвацца на найбольш адчувальныя тавары”.

Згодна са звесткамі пракуратуры, Гардзей, каб правесці здзелку, падаў “падробленыя дакументы, у якіх пазначалася, што мас-спектрометр прызначаны для Узбекістана, а не для Расіі”. Пры гэтым ён, як сцвярджаецца, “арганізаваў адпраўку мас-спектрометра непасрэдна ў Маскву пасля яго прыбыцця ў Турцыю”.

Адзначаецца, што за парушэнне закона аб рэформе экспартнага кантролю прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 20 гадоў (дадаткова — нагляд на тэрмін да 5 гадоў і штраф у памеры 1 млн долараў), за кантрабанду тавараў з ЗША — да 10 гадоў, а за змову з мэтай здзяйснення злачынстваў супраць ЗША — 5 гадоў зняволення (у абодвух выпадках нагляд да 3 гадоў, штраф да 250 тыс. долараў).

Падзяліцца: