Мінск 15:01

Міністры абароны Беларусі і Узбекістана абмеркавалі “шляхі інтэнсіфікацыі” ваеннага супрацоўніцтва

Фота: Мінабароны

1 ліпеня, Позірк. “Бягучы стан двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва” і “шляхі яго інтэнсіфікацыі ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”, абмеркавалі на сустрэчы 1 ліпеня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго ўзбекскі калега Бахадзір Курбаеў.

Сустрэча прайшла ў Мінску, куды Курбаеў прыбыў з афіцыйным візітам, адзначае прэс-служба беларускага абароннага ведамства.

Заяўляецца, што сярод іншага праграма візіту кіраўніка Мінабароны Узбекістана прадугледжвае “ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня незалежнасці”.

У канцы красавіка гэтага года (цяпер былы) першы намеснік міністра абароны Беларусі — начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Віктар Гулевіч здзейсніў афіцыйны візіт ва Узбекістан, дзе правёў “шэраг сустрэч і перамоў” з ваенным кіраўніцтвам краіны, наведаў ваенныя навучальныя ўстановы і цэнтры, а таксама прадпрыемствы абароннага комплексу.

На пачатку сакавіка Мінск наведвала ваенная дэлегацыя Узбекістана на чале першым намеснікам міністра абароны — начальнікам Генштаба УС Шухратам Халмухамедавым. Па выніках яго сустрэчы з Гулевічам таксама паведамлялася, што бакі абмеркавалі “бягучы стан двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва” і “шляхі яго інтэнсіфікацыі ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”.

Беларусь і Узбекістан не знаходзяцца ў агульных абарончых саюзах. Адметна, што Узбекістан стаяў ля вытокаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) разам з Арменіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Расіяй і Таджыкістанам. Дакумент, які ляжыць у аснове АДКБ, быў падпісаны 15 траўня 1992 года менавіта ў Ташкенце.

У 1999 годзе, калі Беларусь ужо 6 гадоў знаходзілася ў гэтым блоку, Узбекістан не стаў падаўжаць адпаведны дагавор. У 2006 годзе яго ўдзел быў адноўлены, але ў 2012-м Ташкент зноў адмовіўся ад сяброўства.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Узбекістан у лютым гэтага года.

Падзяліцца: