Мінск 01:31

Служба хуткай гуманітарнай дапамогі патрабуе прыпыніць экстрадыцыю і вызваліць Андрэя Гнёта

Фота: сацсеткі Андрэя Гнёта

2 ліпеня, Позірк. Служба хуткай гуманітарнай дапамогі падтрымала патрабаванні праваабарончых арганізацый да ўладаў Сербіі і міжнароднай супольнасці прыпыніць працэс экстрадыцыі і вызваліць з-пад варты беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта.

“Падставай для прад’яўлення палітычна матываваных крымінальных абвінавачанняў можа служыць факт таго, што Гнёт з’яўляецца адным з сузаснавальнікаў свабоднага аб’яднання спартсменаў Беларусі SOS BY, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем”, — гаворыцца ў паведамленні службы. На думку арганізацыі, экстрадыцыя “пацягне адразу ж яго арышт і катаванні на тэрыторыі Беларусі”.

Адзначаецца, што са жніўня 2020 года і да гэтага часу праваабаронцы фіксуюць “маштабнае ўжыванне гвалту, зброі, катаванняў у дачыненні да грамадзян Беларусі”.

“Беларусь хаця і ратыфікавала Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, узятыя на сябе міжнародныя абавязкі рэжым не выконвае, больш за тое, адкрыта парушае”, — падкрэсліваецца ў звароце.

Паводле звестак праваабаронцаў, на 1 ліпеня 2024 года ўзбуджана 6.462 крымінальныя справы па палітычных матывах у дачыненні да жыхароў Беларусі.

41-гадовы Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by. Працаваў з вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, “Бульбаш”, “Аліварыя”, “Спартак”, “Беллакт”, World of Tanks.

Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

31 траўня Вышэйшы суд у Белградзе зноў пастанавіў, што патрабаванне выдаць Гнёта Беларусі законнае. 18 чэрвеня была пададзена апеляцыя.

За Гнёта заступіліся дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі дыяспар, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, Еўрасаюз, сітуацыя з ім абмяркоўвалася з уладамі ЗША.

Служба хуткай гуманітарнай дапамогі аб’ядноўвае найбуйнейшыя ініцыятывы дапамогі палітвязням: BySol, ByHelp, “Краіна для жыцця” і Dissident.by.

Падзяліцца:
be